Яшчэ класік Іван Крылоў заўважаў у сваіх байках, што, колькі ты людзям ні кажы, адны словы не маюць належнага эфекту.
Зусім іншая справа, калі да іх дадаецца матэрыяльны стымул.
Так, з пачаткам летніх канікулаў дзяржаўтаінспекцыя, як і многія іншыя службы, засяродзіла ўвагу на бяспечным адпачынку школьнікаў, а дакладней, на паводзінах саміх вадзіцеляў. Каб напэўна не забыліся, па ўсёй рэспубліцы з 25 мая па 5 чэрвеня праходзіць прафілактычная акцыя “Увага – дзеці!”. Яе ўмова простая: вадзіцель, будзь пільны, уключы святло, стань больш заўважным.
Сустракаючы супрацоўнікаў ДАІ на дзяжурстве ў горадзе па два разы на дзень, сама як вадзіцель “выцягвалася” за рулём па струнцы, чакаючы, што вось-вось, спыняць. Але ні разу так і не стала аб’ектам увагі інспектараў. А вось тыя, хто забыўся патрабаванні ДАІ і базавыя правілы дарожнага руху, не толькі мелі прадметную размову з дзяжурнымі, але і атрымалі пакаранне рублём.
За тыдзень правядзення акцыі на тэрыторыі Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў да адказнасці было прыцягнута 129 вадзіцеляў, якія кіравалі транспартнымі сродкамі без уключэння бліжняга святла фар, 26 – парушылі правілы перавозкі дзяцей, 5 вадзіцеляў не прапусцілі пешаходаў на абазначаных пешаходных пераходах.
Плаціць нават невялікі штраф крыўдна, але гэта лепш, чым наступным разам патрапіць у горшую сітуацыю. Таму і вадзіцелі ставяцца да такога вопыту з разуменнем. Ёсць тыя, хто з бліжнім святлом фар ездзіць кожны дзень незалежна ад акцыі, пары года і часу сутак. Бо беражонага і Бог беражэ.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga