Гісторыя, якую ведаюць не ўсе

Галоўнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне прайшоў патрыятычны велапрабег, прысвечаны 525-годдзю горада Дзятлава.

Яго арганізатарамі выступілі сектар спорту і турызму райвыканкама і Дзятлаўскі фізкультурна-спартыўны клуб.

Навучэнцы сярэдняй школы № 1 і гімназіі № 1 горада райцэнтра разам з педагогамі і загадчыкам сектара спорту і турызму Дзмітрыем Ёдам праехалі веласіпеднай сцяжынай праз памятныя месцы, звязаныя з гісторыяй Дзятлава ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Разабрацца ў фактах і падзеях школьнікам дапамагла экскурсавод Алена Абрамчык.

Маршрут пачаўся каля помнікаў Іосіфу Філідовічу і воінам-інтэрнацыяналістам. Тут размешчана таблічка, якая сведчыць аб тым, што ў гады вайны тут знаходзіўся цэнтр яўрэйскага гета. Адсюль двойчы – 30 красавіка і 6 жніўня 1942 года – яўрэяў адпраўлялі на расстрэл.

На яўрэйскіх могілках, размешчаных на вуліцы Кастрычніцкай, удзельнікі велапрабегу даведаліся аб абшчыне яўрэяў горада Дзятлава, пазнаёміліся з біяграфіяй першага ў нашым раёне партызанскага камандзіра Ёскеля Атласа, пачулі гісторыю аб 50 яўрэях, па-зверску расстраляных, закапаных на ўскрайку аграгарадка Дварэц і затым перапахаваных тут.

Веласіпедысты наведалі месца пры дарозе Хадзяўляны – Дзятлава каля хутара Кляшчы, дзе 28-29 чэрвеня 1941 года савецкія салдаты прынялі першы бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Калоны немцаў ішлі з боку Мядзвінавічаў і ў гэтым месцы сустрэлі супраціўленне: больш за суткі, да апошняга ўздыху з імі змагаліся 14 чырвонаармейцаў, але гэта быў няроўны бой. Усе яны загінулі і былі пахаваны жыхарамі хутара Кляшчы тут у брацкай магіле. У 70-я гады мінулага стагоддзя астанкі герояў перапахаваны каля абеліска Славы, а на месцы бою ўсталяваны камень-помнік.

– Больш падрабязна гэту гісторыю, як і іншыя факты пра родны край, можна даведацца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, – расказала Алена Абрамчык. – Таксама там ёсць асабістыя рэчы салдат і фотаздымак іх камандзіра, лейтэнанта Міхаіла Лебедзева.

Заключнай кропкай велападарожжа стаў двор райбальніцы, дзе ўсталявана скульптура-помнік, прысвечаная вызваленню Дзятлаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: на ёй паказана жанчына, якая трымае ў руках кветкі – знак жыцця, міру і стварэння, а над яе галавой – журавы, якія сімвалізуюць свабоду і незалежнасць нашай краіны. Помнік узведзены ў пачатку 90-х гадоў, калі  была пабудавана новая раённая бальніца.

Поўныя эмоцый вярнуліся юныя ўдзельнікі велапрабегу ў летнікі, дзе бавяць час на канікулах. Некаторыя з іх падзяліліся ўражаннямі ад паездкі.

Аляксей Цюшляеў, навучэнец сярэдняй школы № 1, удзельнік летніка “Навука”:

– Я нядрэнна ведаю гісторыю горада Дзятлава і нашай малой радзімы, але сёння даведаўся шмат новага для сябе. Вельмі люблю падарожнічаць і з задавальненнем праехаў па дарогах Дзятлаўшчыны разам са сваімі аднакласнікамі, запомніў нямала цікавых фактаў, якія раскажу сваім сябрам і родным. Было крыху складана, бо маршрут няблізкі, але мы дружна справіліся і задаволены гэтым.

Яўгенія Радомская, навучэнка гімназіі № 1, удзельніца кругласутачнага летніка “Патрыёт”:

– Сёння мы разам з сябрамі і настаўнікамі праехалі вельмі цікавым веламаршрутам, даведаліся яшчэ больш пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якія адбываліся на нашай малой радзіме. Я з цікавасцю слухала экскурсавода, адкрыла для сябе памятнае месца каля Хадзяўлян, пра якое раней не ведала. У знак памяці і пашаны мы ўсклалі кветкі на кожным з такіх месцаў па ходу маршруту.

Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga