Гістарычная памяць дзеля міру на Зямлі

Галоўнае Грамадства

У рамках тыдня моладзі і студэнцтва ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшло мерапрыемства да Дня ўсенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны з удзелам прадстаўнікоў райвыканкама, пракуратуры, ваеннага камісарыята, савета ветэранаў, працоўных калектываў, моладзі.

Хвілінай маўчання ўдзельнікі ўшанавалі памяць загінулых.

Дырэктар музея Вольга Цюшляева прагартала старонкі гісторыі, спыніўшыся на падзеях першых дзён вайны на Дзятлаўшчыне, расказала пра акупацыйны фашысцкі рэжым, стварэнне Дзятлаўскага гета і расстрэлы яўрэйскага насельніцтва раёна, гібель сям’і Чайкоўскіх, спаленыя вёскі Дзятлаўшчыны.

Сваімі ўспамінамі пра выпрабаванні ваеннага ліхалецця падзяліліся нашы зямлячкі – малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў Раіса Венславоўская і Галіна Сліжэўская. Яны падзякавалі кіраўніцтву, службам раёна і былым калегам, што памятаюць, наведваюць і запрашаюць на мерапрыемствы. Падрастаючаму пакаленню жанчыны пажадалі ніколі не зведаць тых жахаў, праз якія ім давялося прайсці ў дзяцінстве, і шчасліва жыць пад мірным небам Беларусі.

У красавіку 2021 года Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь узбуджана і расследуецца крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа, а ў студзені 2022 года ў нашай краіне прыняты аднайменны закон. Аб яго значэнні расказаў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго:

– Беларусь неаднаразова станавілася арэнай войнаў, самай крывавай сярод якіх была Вялікая Айчынная вайна, таму крымінальнае расследаванне ваенных злачынстваў мае для нашых суайчыннікаў вялікае значэнне. З першых дзён акупацыі масавае знішчэнне насельніцтва было пастаўлена на паток, загінуў кожны трэці. Былі арганізаваны звыш 580 месцаў прымусовага ўтрымання грамадзян, самыя буйныя з якіх Трасцянец, Мінскае гета. Праходзілі “ўціхамірвальныя акцыі”, карныя аперацыі. Вывучаны вялікі масіў архіўных дакументаў, устаноўлены раней не вядомыя месцы пахаванняў мірнага насельніцтва, якія ўражваюць бесчалавечнасцю, атрыманы звесткі аб спальванні яшчэ больш за 200 тысяч вёсак і паселішчаў. Удзел у генацыдзе прымалі не толькі нямецка-фашысцкія захопнікі, але і іх памагатыя з Італіі, Румыніі, Францыі, Славакіі, Венгрыі, Фінляндыі, з нацыяналістычных польскіх, украінскіх, эстонскіх і іншых фарміраванняў. Сталі вядомыя імёны некаторых жывых злачынстваў, якія хаваюцца на тэрыторыі замежных дзяржаваў, карыстаючыся іх абаронай. Супрацоўнікамі дзятлаўскай пракуратуры і Следчага камітэта ўстаноўлены асобы, якія раней не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці, падрыхтаваны матэрыялы і напраўлены для асуджэння іх у рамках завочнай вытворчасці. У маі 2021 года з ініцыятывы Генпракуратуры прыняты Закон “Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму”, гэты нарматыўны акт і Закон аб генацыдзе беларускага народа – прававыя бар’еры на шляху спробаў фальсіфікацыі падзеяў Вялікай Айчыннай вайны. У новай рэдакцыі Канстытуцыі таксама замацавана, што наша дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай памяці і праўды. Гэта – духоўная аснова нашага грамадства, якая сведчыць аб гатоўнасці беларусаў самааддана адстойваць нацыянальныя і дзяржаўныя інтарэсы.

У заключэнні свайго аповеду Віталій Юрго перадаў у фонд музея дзве кнігі: “Аб генацыдзе беларускага народа” і “Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці”.

Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, падкрэсліў, што асноўнымі мэтамі Вялікай Айчыннай вайны былі захоп тэрыторый і знішчэнне насельніцтва. На жаль, сумныя падзеі не мінулі амаль ні адну беларускую сям’ю, таму абавязак кожнага з нас памятаць пра мінулае і не дапусціць новых трагедый, асабліва на фоне з’яўлення неафашызму. Ігар Станіслававіч заклікаў цаніць подзвігі прадзедаў і рабіць усё, што ад нас залежыць, каб ваенныя дзеянні не паўтарыліся. У знак пашаны ён уручыў кветкі Раісе Венславоўскай і Галіне Сліжэўскай.

Напрыканцы з выставай “Генацыд на Гродзеншчыне” прысутных пазнаёміў навуковы супрацоўнік музея Станіслаў Балабанскі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga