Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 525-годдзя горада Дзятлава жыхары раёна атрымалі важкі падарунак ад мясцовых уладаў і медыкаў – адкрыццё пасля рамонту хірургічнага аддзялення.
Павіншаваць медыкаў і пацыентаў з гэтай падзеяй прыйшлі кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, духавенства.
Андрэй Садоўскі адзначыў, што здароўе грамадзян – нязменны прыярытэт у развіцці раёна і краіны ў цэлым:
– Сённяшняя падзея – прадаўжэнне добрай традыцыі, якая склалася на Дзятлаўшчыне. З году ў год, калі прадукцыйна працуе рэальны сектар эканомікі, мы актыўна ўкладваем сродкі ў развіццё сацыяльнай сферы, найперш – у медыцыну. Гэта 2020 год, калі быў адрамантаваны 6 паверх бальніцы, 2021 год – 5 паверх. Да рамонту чацвёртага паверху мы прыступалі ў 2022 годзе, нягледзячы на складанасці, паспяхова справіліся з гэтай справай. Можна сказаць, што сёлета работы па абнаўленні аддзяленняў раённай бальніцы падышлі да свайго лагічнага завяршэння. Створаны камфортныя ўмовы для пацыентаў, і дастойныя – для работы медыцынскага персаналу. Акрамя таго, для патрэбаў бальніцы за апошнія гады былі набыты чатыры аўтамабілі, сярод якіх – дзве машыны хуткай дапамогі. Гэта работа будзе прадаўжацца і ў далейшым. Інвестыцыі ў медыцыну заўсёды апраўданы – усё гэта робіцца для нашых людзей.
Андрэй Уладзіміравіч адзначыў загадчыкаў, персанал аддзялення і адміністрацыю бальніцы, якія ўклалі шмат работы і старанняў, набліжаючы ўрачыстае адкрыццё. Старшыня райвыканкама павіншаваў медыцынскіх работнікаў і ўсіх прысутных з надыходзячымі святамі, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту і мірнага неба над нашай Беларуссю.
Галоўны доктар бальніцы Алег Анцух выказаў словы ўдзячнасці гасцям і калегам:
– Хачу падзякаваць кіраўніцтву раёна за разуменне нашых запатрабаванняў, дзякуючы гэтаму медыцынская інфраструктура раёна падтрымліваецца на высокім узроўні, – адзначыў ён. – У выздараўленні шмат складальнікаў – гэта прафесіяналізм медыцынскіх работнікаў, чалавечая спагада і падтрымка, сучаснае абсталяванне. Аднак эстэтычны момант таксама мае значэнне: калі чалавек трапляе ў добрыя ўмовы, гэта спрыяе выздараўленню. Сёння ў аддзяленні ёсць усё для аказання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі і для таго, каб пацыенты адчувалі сябе камфортна.
‘
Да віншаванняў далучыліся клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве іерэй Аляксей Сцепановіч і настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула. Яны памаліліся за здароўе дзятлаўчан, асвяцілі адрамантаванае аддзяленне райбальніцы і ўручылі медыкам іконы нябесных заступнікаў, каб ласка Божая заўжды дапамагала пацыентам і работнікам аддзялення.
Сімвалічную чырвоную стужку на ўваходзе ў аддзяленне перарэзалі Андрэй Садоўскі, Аляксандр Бараноўскі і Алег Анцух.
Затым для гасцей правялі экскурсію, у час якой прадэманстравалі сучасныя ўмовы аказання медыцынскай дапамогі: светлыя палаты са зручнымі ложкамі і перасоўнымі столікамі для прыёму ежы, зручныя санітарныя вузлы, сучасныя душавыя кабіны і сантэхніка, лакацыі для адпачынку пацыентаў. Мяккая мэбля і тэлевізары для іх набыты пры падтрымцы спонсараў – сельгаспрадпрыемстваў раёна. Акрамя гэтага, у аддзяленні сучасныя кабінеты для персаналу, пакоі для адпачынку і прыёму ежы, кабінет для працоўных сходаў і навучальны клас з трэнажорамі для адпрацоўкі сястрынскіх, хірургічных, акушэрскіх маніпуляцый.
Бягучы рамонт у хірургічным аддзяленні бальніцы быў праведзены за сродкі абласнога і раённага бюджэтаў, на рамонтныя работы і закупку мэблі было выдаткавана каля 930 тысяч рублёў. Падрадчыкам работ выступіла ААТ “Палессежылбуд” з горада Брэста. У камфортных умовах змогуць праходзіць лячэнне адначасова да 50 пацыентаў хірургічнага, траўматалагічнага і гінекалагічнага профіляў.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga