Сумленне заканчваецца за плотам

Важнае Грамадства

Каб людзям жылося камфортней, раённая і мясцовая ўлада, прадпрыемствы і арганізацыі Дзятлаўшчыны па меры сіл і магчымасцяў вырашаюць самыя розныя праблемы.

І калі адны людзі прымаюць зробленае з удзячнасцю і зберагаюць, то іншыя, відаць, лічаць, што так і павінна быць, што ўсё робіцца само сабою і можна далей прадаўжаць брудзіць, ламаць, займацца вычварэнствам. Само паправіцца!

Вяртаемся да добраўпарадкавання могілак – праблемы і болю любога сельскага савета.

– Хіба цяжка іх прыбраць? – пачне абурацца нехта з вас, гарачы на высновы.

Ды не, прыклаўшы талакой намаганні, усё можна зрабіць. Напрыклад, навядзеннем парадку на могілках пры вёсцы Драбавічы займаецца не толькі Казлоўшчынскі сельвыканкам, але і арганізацыя-“шэф” – лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”. Сёлета на Радаўніцу прыбралі, а праз тры тыдні – кучы смецця, якое зноў і зноў нейкім цудадзейным чынам “вырастае” на ўваходзе на могілкі і па перыметры за агароджай. Помнік новы ўсталёўваюць – усе вянкі, што здымаюць з магілы, выкідваюць проста непадалёку. Усё гэта пры тым, што побач з тэрыторыяй могілак ёсць спецыяльная пляцоўка для складзіравання смецця.

Паважаныя землякі, калі ўжо вы робіце такую важную справу, як ушанаванне, то і аб парадку на малой радзіме паклапаціцца не грэх.

– Я не буду дарма наракаць, большасць жыхароў сельсавета вельмі сумленна адносяцца да сакральных аб’ектаў. Нават пажылыя людзі, тыя сухенькія бабулькі, самі прыбіраюць, выносяць смецце, куды трэба.

А вось малодшыя ідуць па шляху найменшага супраціву: у родных прыбралі – выкінулі, дзе папала, абы за межамі могілак. З-за гэтага ўтвараюцца стыхійныя звалкі, якія нам даводзіцца тэрмінова ліквідаваць, як нядаўна і адбылося, – расказвае старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка. – Я згодны, што адпаведныя службы павінны прыбіраць, але і кожнаму з нас трэба быць дысцыплінаваным.

Для разумення поўнай карціны заўважым, што на казлоўшчынскай зямлі 17 могілак, не менш такіх аб’ектаў і ў іншых сельсаветах. Акрамя банальнага падтрымання парадку на іх, патрабуюцца часам больш грунтоўныя работы. І гэта толькі могілкі! Справаў і клопатаў ва ўсіх хапае, дык навошта дадаваць яшчэ?

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga