Спорт. Мір. Першамай

Важнае Спорт і турызм

Урачыстую праграму Свята працы на Дзятлаўшчыне адкрыла пляяда спартыўных мерапрыемстваў на стадыёне “Колас” райцэнтра.

Стартавалі спаборніцтвы з “Забегу Міру” на дыстанцыю ў 5 кіламетраў. Удзел маглі прыняць усе жадаючыя жыхары раёна. Спартсменаў, якія вырашылі праверыць сябе на вынослівасць сабралася 10 чалавек, сярод іх былі і дзве дзяўчыны.

За самы кароткі час да фінішу (20 хвілін 02,3 секунды) дабег Дзмітрый Серада з Гезгалаўскай сярэдняй школы. Другі вынік (22 хвіліны 20,8 секунды) у бегуна з Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Аляксандра Грыцюка. “Бронза” забегу за трэці вынік (24 хвіліны 04,7 секунды) дасталася Арцёму Белавусу, які прадстаўляў сярэднюю школу № 3 горада Дзятлава. У жаночым заліку абсалютнай пераможцай стала прадстаўніца Круцілавіцкай сярэдняй школы Вольга Гайжэўская (35 хвілін 40,0 секунды). Пераможцы і прызёры атрымалі адпаведныя дыпломы і памятныя падарункі ад спонсараў забегу – раённага аб’яднання прафсаюзаў, раённых арганізацый ГА “Белая Русь” і “БРСМ”.

Самым масавым па колькасці ўдзельнікаў – усяго 22 каманды, сярод якіх 2 дзявочыя з розных установаў адукацыі нашага раёна – стала першынство Дзятлаўшчыны па футболе “Скураны мяч”. Футбольныя баталіі паралельна разгортваліся адразу на некалькіх пляцоўках, аднак на кожнай з іх былі гледачы і балельшчыкі.

Вынікі першынства падводзіліся адразу ў трох узроставых катэгорыях – малодшай, сярэдняй і старэйшай, а таксама сярод дзяўчынак.

“Залатым” лідарам сярод малодшай катэгорыі юнакоў 2013-2014 гадоў нараджэння стала каманда футбалістаў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, другі вынік – у каманды сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, трэці – у гімназістаў райцэнтра.

Пераможцай сярэдняй узроставай катэгорыі сярод юнакоў 2011-2012 гадоў нараджэння стала каманда сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, “сярэбраны” вынік у каманды сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, “бронза” ў футбалістаў Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

У старэйшай ўзроставай катэгорыі юнакоў 2009-2010 гадоў нараджэння асобна вынікі падводзіліся сярод гарадскіх і сельскіх школ.

Сярод гарадскіх школ не было роўных на футбольным поле камандзе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, якой і дасталіся лаўры пераможцы, на другой пазіцыі аказаліся футбалісты сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, на трэцяй – Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

Сярод сельскіх школ лепш за ўсіх згуляла каманда Гезгалаўскай сярэдняй школы, другі вынік у каманды Круцілавіцкай сярэдняй школы, трэці – у Хвінявіцкай сярэдняй школы.

Лідарамі першынства раёна “Скураны мяч” сярод дзяўчынак сталі прадстаўніцы зноў жа самай паспяховай па футбольных выніках дня сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, другое месца ў футбалістак Хвінявіцкай сярэдняй школы. Усе гэтыя каманды ўзнагароджаны адпаведнымі дыпломамі ФСК, а пераможцы кожнай з катэгорый яшчэ і медалямі. Дарэчы, у чэрвені ў Гродне пройдуць абласныя футбольныя спаборніцтвы. Дзятлаўшчыну на іх па ўзроставых катэгорыях прадставяць зборныя раёна, якія будуць сфарміраваны на базе каманд-пераможцаў.

Завяршыў спартыўную праграму Першамая на Дзятлаўшчыне аматарскі лёгкаатлетычны забег “Міля Жалабоўскага”, дзе дыстанцыю ў паўтара кіламетра пакаралі бегуны ад самых юных да старэйшых, усяго 68 спартсменаў. Лепшых вызначалі па ўзроставых катэгорыях сярод юнакоў і дзяўчат.

Сярод юнакоў да 13 гадоў першым прыбег на фініш Аляксандр Талкун з Новаяльнянскай сярэдняй школы, другім – Данііл Раянок з Жукоўшчынскай базавай школы, трэцім – Яўген Падгарбунскі з Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

Сярод дзяўчынак гэтай узроставай катэгорыі першай фінішыравала Аляксандра Якшэвіч з Жукоўшчынскай базавай школы, другой – гімназістка райцэнтра Вікторыя Кардаш, трэцяй – Мілана Бойка з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.

Ва ўзроставай катэгорыі 14-15 гадоў сярод юнакоў не было роўных Міхаілу Гульніку з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, “сярэбраны” вынік у Данііла Аўхіма з Жукоўшчынскай базавай школы, “бронзавы” – у Паўла Шалеснага з Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

Лідарам сярод дзяўчынак гэтай узроставай катэгорыі стала Арына Ганчар з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, другой на фініш прыбегла Дар’я Махнач з Жукоўшчынскай базавай школы, трэцяй – Паліна Піваварчык з Круцілавіцкай сярэдняй школы.

Ва ўзроставай катэгорыі 16-17 гадоў сярод юнакоў лепшым бегуном стаў Кірыл Раянок з Жукоўшчынскай базавай школы, другі вынік у Вадзіма Сёмухі з Круцілавіцкай сярэдняй школы, трэці – у Максіма Гародкі з Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

Сярод дзяўчынак такога ж узросту перамагла Паліна Лебедзь з Новаяльнянскай сярэдняй школы, другой фінішыравала Дар’я Вараб’ёва з Гезгалаўскай сярэдняй школы, трэцяй – яе сяброўка па ўстанове Злата Гуз. Усе 68 бегуноў, якія адолелі “Мілю Жалабоўскага”, атрымалі памятныя медалі, пераможцы і прызёры ўзнагароджаны адпаведнымі дыпломамі, а бегуны ўсіх катэгорый, якія фінішыравалі першымі сярод юнакоў і дзяўчат, яшчэ і грашовымі прызамі ад ФСК.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара і арганізатараў спаборніцтваў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga