Як лепш пазначыць мерапрыемства, якое адбылося 27 мая на водах ракі Моўчадзь і берагах Новаяльнянскага вадасховішча?
Відаць, назваць можна значна прасцей – сустрэча на гасціннай дзятлаўскай зямлі. Сустрэча сяброў, сустрэча аднадумцаў, энтузіястаў водных сплаваў і падарожжаў.
Хто ж яны? У першую чаргу, работнікі Дзятлаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба і сектара спорту і турызму райвыканкама, а па-другое, шчасліўчыкі, якім пашанцавала, дзякуючы настойлівасці, сіле волі і актыўнасці, выйграць сертыфікаты на сплаў і экскурсію па горадзе Дзятлаве на дзвюх выставах – “Адпачынак- 2023” і “Пазнай Беларусь». Яны, жыхары Мінска і Жодзіна (там знаходзіцца знакаміты БелАЗ, там жывуць і працуюць некаторыя з нашых пераможцаў), прыехалі ў Дзятлава, каб пазнаёміцца з нашай малой радзімай, яе гісторыяй і людзьмі, прайсці на байдарках па адным з водных маршрутаў – ад Дварца да Наваельні.
Мы ж са свайго боку паспрабавалі ўсё арганізаваць па вышэйшым узроўні, каб доўга памяталі і нашу знакамітую дзятлаўскую гасціннасць, і прыгажосць нашай прыроды, і дзівосную рэчку Моўчадзь, і найсмачнейшую турысцкую ежу, прыгатаваную на вогнішчы.
Гасцей было 13 чалавек. Прыехалі не толькі тыя, хто выйграў сертыфікаты, але і члены іх сем’яў, а з сям’і Будзько з БелАЗа набралася аж восем чалавек. Адны з іх ужо мелі ўяўленне аб тым, што такое сплаў на байдарках, некаторыя ж рабілі гэта ўпершыню. Але ўсё прайшло выдатна, абышлося, як кажуць, без ахвяр, толькі адна байдарка неспадзявана перавярнулася – і абодва турысты (маладая пара) апынуліся ў вадзе. Аднак на выручку прыйшла дырэктар ФСК Вольга Васіленка, якая суправаджала групу на вадзе. Тут жа выйшлі на бераг і, перапрануўшыся ў загадзя падрыхтаваную вопратку, паплылі далей. Сплаў павінен быў заняць тры гадзіны, але працягнуўся даўжэй. Затое настрой быў выдатны: смех, жарты, радасць зносін у сітуацыі, набліжанай да экстрымальнай.
А на беразе турыстаў чакаў смачны абед: юшка, бульбачка з тушонкай, шашлыкі, бярозавы сок і мноства хатніх саленняў і рознай смакаты. Як гаворыцца, каб пасля фізічнай нагрузкі на мышцы даць нагрузку на страўнік.
Потым гасцей урачыста і з гумарам прысвяцілі ў байдарачнікі, пагулялі ў валейбол – захацелася парухацца пасля сытнага абеду.
Раз’ехаліся толькі каля сямі вечара, уражаныя і шчаслівыя, паабяцаўшы яшчэ прыехаць на Дзятлаўшчыну абавязкова. І мы засталіся задаволеныя. Чаму? Усё проста. Калі прыносіш радасць іншым, і сам становішся шчаслівым.
Алена Абрамчык,
інстуктар-метадыст па турызме Дятлаўскага ФСК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga