Тэма
Як беспрацоўным набыць вопыт практычнай работы?
Факт: чалавеку без стажу і працоўнага вопыту самому бывае даволі складана працаўладкавацца, аднак у Беларусі існуе дзейсная форма падтрымкі такіх беспрацоўных, прадугледжаная дзяржавай.
Што яна сабой уяўляе, расказала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік:
– Гэта форма працаўладкавання распрацавана для набыцця беспрацоўнымі прафесійных ведаў, уменняў, навыкаў практычнай работы на вытворчасці, павышэння іх канкурэнтаздольнасці на рынку працы, пашырэння магчымасцяў працаўладкавання.
Працаўладкаванне беспрацоўных можа ажыццяўляцца ў арганізацыі любых арганізацыйна-прававых формаў (за выключэннем тых, дзейнасць якіх фінансуецца за кошт бюджэтных сродкаў) і да індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць неабходныя для гэтага магчымасці і ўмовы, згодна з заканадаўствам.
На падобныя працоўныя месцы накіроўваюць грамадзян, зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных, якія маюць спецыяльнасць (кірунак спецыяльнасці, спецыялізацыю), прысвоеную кваліфікацыю, адпаведную такому працоўнаму месцу.
Па-першае, такой магчымасцю могуць скарыстацца выпускнікі установаў адукацыі, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю.
Па-другое, грамадзяне, якія прайшлі прафесійную падрыхтоўку або перападрыхтоўку па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
Па-трэцяе, асобы, якія асвоілі адукацыйныя праграмы: павышэння кваліфікацыі рабочых (служачых); перападрыхтоўкі рабочых (служачых), прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) ва ўстановах адукацыі, іншых арганізацыях, у індывідуальных прадпрымальнікаў, якім у адпаведнасці з заканадаўствам прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць.
Па-чацвёртае, людзі, якія доўгі час (больш за 12 месяцаў) не працавалі ў сувязі з доглядам дзяцей да 3 гадоў, дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама дзяцей да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека або хворых на СНІД.
Наймальніку на заметку:
Парадак і ўмовы такога працаўладкавання наступныя: спачатку ўпраўленне па працы на падставе звестак аб наяўнасці свабодных працоўных месцаў (вакансій), прыдатных для працаўладкавання такіх беспрацоўных грамадзян, праводзіць перамовы з наймальнікам аб магчымасці іх прыёму на работу і пры атрыманні згоды накіроўвае гэтых людзей для працаўладкавання.
Пры згодзе наймальніка з ім заключаецца дагавор аб працаўладкаванні такіх асобаў і частковай кампенсацыі расходаў на аплату іх працы.
З беспрацоўным наймальнік заключае тэрміновы працоўны дагавор (ад 2 да 6 месяцаў) і афармляе загад аб прыёме такога работніка. Копія загада на працягу 5 дзён павінна быць накіравана ва ўпраўленне па працы і занятасці.
Такім чынам у арганізацыі заключаюцца 2 віды дагавораў: дагавор аб працаўладкаванні беспрацоўнага і тэрміновы працоўны дагавор.
Даведка:
Аплата працы, прынятых для набыцця вопыту практычнай работы, ажыццяўляецца наймальнікам за фактычна выкананыя аб’ёмы работ або адпрацаваны час у адпаведнасці з дзеючай у яго сістэмай аплаты працы (нормамі і расцэнкамі). Максімальнай велічынёй налічаная заработная плата не абмежавана, аднак наймальніку варта выконваць вызначаную ў Рэспубліцы Беларусь мінімальную заработную плату.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga