У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава прайшоў раённы этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня”.
За званне мацнейшых сёлета пазмагаліся восем каманд.
Начальнік мабілізацыйнай групы ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун павітаў удзельнікаў мерапрыемства, пажадаў усім камандам поспехаў, сумленнай барацьбы і волі да перамогі.
Паказаць спрыт, дасціпнасць, трапнасць, сілу, сабранасць і камандную падрыхтоўку “арлянятам” належала ў час конкурсных іспытаў.
Сёлета надвор’е ўнесла свае карэктывы ў праграму спаборніцтваў, таму ваенізаваную эстафету “Час каманды” падзялілі на некалькі этапаў – камплектаванне рэчмяшкоў, зборку і разборку аўтамата, медыцынскую падрыхтоўку.
У ваенна-спартыўным конкурсе “Мужнасць! Адвага! Гонар!” хлопцы і дзяўчаты выконвалі сілавыя практыкаванні. Таксама ўдзельнікі “Арляняці” стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі, дэманстравалі страявую падрыхтоўку, адказвалі на пытанні ў інтэлектуальным квіз-турніры “Памятаем аб мінулым, ганарымся сучасным, думаем пра будучыню!”. На ваенна-патрыятычную гульню навучэнцы падрыхтавалі відэавізітоўкі “Час моладзі”, намалявалі баявыя лісткі. Усё гэта ацэньвала кампетэнтнае журы.
Па выніках усіх этапаў пераможцай ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня” стала каманда сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, другое месца ў навучэнцаў Гезгалаўскай сярэдняй школы, трэцяе падзялілі каманды гімназіі № 1 горада Дзятлава і Хвінявіцкай сярэдняй школы.
Віншуем пераможцаў! Уладальнікі 1-га месца прадставяць Дзятлаўшчыну на абласным этапе конкурсу.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga