Нашы юныя цяжкаатлеты – трэція ў вобласці

Важнае Спорт і турызм

Ці ведаеце вы, дзе на Дзятлаўшчыне можна сустрэць самых моцных сілай і духам школьнікаў?

Мы падкажам – гэта выхаванцы секцыі цяжкай атлетыкі Дзіцячай юнацка-спартыўнай школы горада Дзятлава. Адметна, што займаюцца тут пераважна дзяўчаты.
Разам з  трэнерам-выкладчыкам па цяжкай атлетыцы Сяргеем Залатаровым падводзім вынікі гэтага навучальнага года для аддзялення цяжкай атлетыкі.
– Выхаванцы секцыі “Цяжкая атлетыка” паспяхова выступалі як на абласных, так і рэспубліканскіх спаборніцтвах, – расказаў Сяргей Іванавіч. – Павел Гурскі і Вераніка Лаўрэнцьева заваявалі “бронзу” на першынстве рэспублікі па гэтым відзе спорту. На нядаўняй спартакіядзе школьнікаў па цяжкай атлетыцы, якая прайшла ў Смаргоні, Дзятлаўшчыну прадстаўлялі 10 юных спартсменаў, 7 – медалісты: нашы цяжкаатлеты заваявалі 4 першыя месцы – Вераніка Лаўрэнцьева, Валерыя Валчкевіч, Анастасія Танкевіч, Арцём Блоцкі, другое месца ў Ганны Гербік і Уладзіслава Губко, трэцяе – у Кірыла Жука. Таксама Вераніка Лаўрэнцьева выйграла першынство вобласці сярод юніёраў, другімі ў гэтай катэгорыі сталі Валерыя Валчкевіч і Анастасія Танкевіч. У нас трэцяе агульнакаманднае месца пасля Гродна і Гродзенскага раёна.
– Хто займаецца ў секцыі?
– Сёння ў нас 30 выхаванцаў у трох групах, пераважная большасць – вопытныя, займаюцца больш за год. У бліжэйшай будучыні дзяўчаты будуць абараняць званне кандыдата ў майстры спорту. З новенькіх у нас Лізавета Дзям’яненка: яна прыйшла толькі ў гэтым годзе, але ўжо паказвае добрыя вынікі, перспектыўная спартсменка. Ёсць сярод нашых выпускнікоў майстры спорту – Анастасія Францішчык і Павел Гурскі, якія плануюць займацца спортам прафесійна.
– Як да вас прыходзяць навічкі?
– Кожную восень абыходзім школы, запрашаем вучняў раёна да нас на трэніроўкі. Гэта складаны від спорту, штангай нямногія хочуць займацца. Аднак тыя, хто займаецца па некалькі гадоў, улюбіліся ў гэты від спорту.
– Па якім рэжыме займаецеся і якія планы маеце на лета?
– Трэніроўкі ў графіку тры разы на тыдзень, але па факце нашы выхаванцы прыходзяць сюды кожны дзень, каб патрэніравацца, таму маем такія высокія вынікі.
У секцыі цяжкай атлетыкі займаюцца сястрычкі Ксенія і Валерыя Валчкевіч. Ксюша прыйшла сюды тры гады таму, бо хацела займацца, як сястра. Дзяўчаты пераканалі бацькоў у тым, што гэты від спорту – іх сапраўдная любоў, штодзень даказваюць гэта сваім стараннем і дасягненнямі.
– На пачатку года я падымала першы дарослы разрад, але потым паехала ў санаторый і згубіла прагрэс, – дзеліцца Ксенія. – Цяпер вяртаю форму: будзем абараняць яго адначасова з сястрой на спаборніцтвах.
– Было шмат відаў спорту, якімі я спрабавала займацца, але цяжкая атлетыка больш за ўсё “зачапіла”. Матывуе сяброўская кампанія, якая заўсёды падтрымае, тут заўсёды весела, – дадае Лера.
Вераніка Лаўрэнцьева, якая займаецца такім незвычайным відам спорту шосты год (у агульнаадукацыйнай школе яна заканчвае 8 клас) расказала, чым прываблівае секцыя цяжкай атлетыкі:
– У спартыўнай школе можна знайсці сапраўдных сяброў, загартаваць сілу і вытрымку. Вельмі падабаецца ўдзельнічаць у спаборніцтвах, заўсёды езджу туды па перамогу. А яшчэ ў нас крыху строгі, але самы вясёлы трэнер, які ўмее правільна матываваць, падтрымаць і настроіць на высокі вынік.
Наталля АВЯРЧУК