Дзелавы панядзелак. Напярэдадні лета

Важнае Улада

Нарыхтоўка кармоў, аздараўленне і бяспека дзяцей у час канікулаў, кантроль за пустуючымі кватэрамі і адміністрацыйнымі будынкамі, выкананне мэтавых паказчыкаў у эканоміцы, планы па рамонце ўстановаў адукацыі і іншыя тэмы – такі быў парадак дня штотыднёвай нарады ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Першы ўраджай года – травяны

З мэтай атрымання ў будучым якаснай прадукцыі аграрыі раёна праводзяць уходавыя аперацыі для росту і развіцця пасеваў. Таксама гаспадаркі прыступілі да закладкі сенажу ў траншэі.

На бягучым тыдні пройдзе навучальны семінар па кормавытворчасці на базе аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.

– Такія семінары-сустрэчы вельмі важныя для кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, гэта магчымасць абмену меркаваннямі, вопытам, – падкрэсліў старшыня райвыканкама. – Ад нарыхтоўкі кармоў, іх якасці і колькасці залежаць не толькі прывагі і аб’ёмы малака, але і даход прадпрыемства ў цэлым.

Акрамя таго, Андрэй Уладзіміравіч зазначыў неабходнасць кантролю з боку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання працэсаў “зялёнага кормаўборачнага канвеера”.

Бацькі, паклапаціцеся пра дзяцей

Пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго заўважыў прысутным аб неабходнасці работы з бацькамі непаўналетніх сумеснымі намаганнямі, асабліва напярэдадні канікулярнага перыяду. Віталій Станіслававіч рэкамендаваў запрашаць на бацькоўскія сходы ў навучальныя ўстановы прадстаўнікоў РАНС, міліцыі, пракуратуры. Спецыялісты нагадаюць бацькам пра тое, што ў перыяд школьных канікулаў неабходна надаць пільную ўвагу пытанням бяспекі дзяцей не толькі на адпачынку, але і дома.

Вынікі наглядных і аналітычных мерапрыемстваў, якія рэгулярна праводзяцца органамі пракуратуры, сведчаць, што ў большасці выпадкаў гібель і траўмаванне непаўналетніх абумоўлены іх неасцярожнасцю і бестурботнасцю, недастатковым кантролем бацькоў за іх паводзінамі і месцазнаходжаннем. Вадаёмы, праезная частка, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, недабудаваныя дамы, веласіпеды, самакаты, гіраскутары – любы аб’ект можа стаць патэнцыйна небяспечным для дзіцяці.

Рамеснікаў чакаюць перамены

На нарадзе абмеркавалі тэму змяненняў, якія будуць тычыцца дзятлаўчан, якія займаюцца рамеснай дзейнасцю. Ва ўсіх, хто зарэгістраваны ў якасці рамесніка, а такіх у нашым раёне 93 чалавекі, ёсць час да 1 ліпеня пацвердзіць гэта афіцыйна. Толькі пасля гэтага рамеснік можа плаціць, як і плаціў, рамесны збор. Калі ў яго пацвярджэння няма, ён пераходзіць на іншую сістэму падаткаабкладання.

9 чэрвеня плануецца сустрэча ўсіх зацікаўленых і адказных па гэтым пытанні раённых службаў з рамеснікамі для растлумачэння новаўвядзенняў і нюансаў па сістэме рэгістрацыі і падаткаабкладання.

Іншыя тэмы коратка

У гэтым годзе навучальныя ўстановы раёна заканчваюць 255 дзевяцікласнікаў, 17 дзяцей прэтэндуюць на пасведчанне з адзнакай. Выпускныя экзамены для выпускнікоў базавай школы пройдуць з 1 па 9 чэрвеня.

****

26 мая на вадаёме ў вёсцы Раманавічы быў выяўлены замор рыбы. Спецыялістамі інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету было вылаўлена з вады 837 загінулых рыбін (плоткі, густэры, ляшча, акуня, шчупака). Урон прыродзе склаў больш за 250 базавых велічыняў. Па дадзеным інцыдэнце праводзіцца праверка.

****

Актывізаваліся джаланосныя насякомыя. Толькі на мінулым тыдні дзятлаўскія ратаўнікі двойчы выязджалі на іх ліквідацыю. Варта памятаць, што джаланосныя насякомыя ўяўляюць сур’ёзную пагрозу жыццю і здароўю як дарослых, так і дзяцей.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga