Добраахвотнае страхаванне дадатковай назапашвальнай пенсіі – гэта даступны спосаб павысіць свой даход у пенсійным узросце.
Праўда, для многіх беларусаў новая праграма яшчэ не поўнасцю зразумелая. На самыя частыя пытанні жыхароў раёна на гэты конт адказвае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.
Пытанне: як працуе новая праграма, у якім памеры работнік, які жадае паўдзельнічаць у страхаванні, павінен выплачваць узнос?
Адказ: работнік, які жадае паўдзельнічаць у страхаванні, зможа выплачваць дадатковы ўзнос на назапашвальную пенсію (у дадатак да абавязковага 1 %-га ўзносу на працоўную (салідарную) пенсію). Яго памер (у працэнтах ад фактычнай заработнай платы) ён выбірае сам. Максімальны (гранічны) памер дадатковага ўзносу работніка – 10 %.
Калі работнік прымае рашэнне аб удзеле, то да гэтага падключаецца і яго наймальнік. Ён будзе абавязаны выплачваць узнос у памеры ўзносу работніка, але не больш за 3 %.
Напрыклад, работнік выбірае ўзнос на назапашвальную пенсію ў памеры 1 % ад заработнай платы. У гэтым выпадку яшчэ 1 % даплаціць наймальнік. У агульнай складанасці ў добраахвотныя пенсійныя накапленні гэтага работніка паступіць узнос у памеры 2 % ад яго фактычнай зарплаты.
Пры трохпрацэнтным узносе работніка наймальнік таксама даплаціць 3 %, і ў пенсійныя накапленні паступяць 6 % ад заработнай платы. Калі ж работнік выплачвае па 5 %, то яшчэ 3 % выплачвае наймальнік і гэдак далей. Максімальна магчымы агульны ўзнос работніка і наймальніка па новай праграме складае 13 %: 10 % уносіць работнік, плюс 3 % – узнос наймальніка.
Пытанне: ці адаб’ецца на яго працоўнай пенсіі ўступленне работніка ў новую праграму?
Адказ: яно ніяк не адаб’ецца на працоўнай (салідарнай) пенсіі. Яе памер будзе вызначацца па тых жа правілах, што і ў работнікаў, якія не ўдзельнічаюць у добраахвотным страхаванні, – зыходзячы з паказчыкаў стажу і заробку да звароту па пенсію.
Пытанне: хто можа ўдзельнічаць у новым страхаванні?
Адказ: права на ўдзел у праграме прадастаўлена работнікам, за якіх іх наймальнікі выплачваюць абавязковыя ўзносы ў бюджэт фонду сацыяльнай абароны.
Пачаць удзел у новым страхаванні можна не пазней чым за 3 гады да дасягнення агульнавызначанага пенсійнага ўзросту. Абмежаванне звязана з тым, што пры менш працяглых тэрмінах удзелу назапашаныя сродкі і вынікі інвесціравання аб’ектыўна не могуць стаць істотнымі.
Пытанне: ці можна мяняць тарыф узносу? Які тэрмін выплаты дадатковай пенсіі?
Адказ: тарыф узносу работнік выбірае сам. Сукупна ўзносы яго і наймальніка не могуць перавышаць 13 %. Тарыф можна мяняць, але не часцей чым раз на год.
У любы момант можна спыніць свой удзел у праграме і затым вярнуцца да выплаты дадатковых узносаў.
Таксама работнік сам выбірае тэрмін выплаты яму дадатковай пенсіі: 5 ці 10 гадоў пасля дасягнення агульнавызначанага пенсійнага ўзросту.
Пытанне: у якіх выпадках РУСП “Стравіта” можа адмовіць у заключэнні дагавора страхавання?
Адказ: указам прадугледжана, што страхаўшчык адмаўляе ў заключэнні дагавора дадатковага назапашвальнага пенсійнага страхавання, калі наймальнік працоўнага грамадзяніна знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі і (ці) банкруцтва.
Пытанне: хто з’яўляецца ініцыятарам уступлення ў новую праграму? Куды звяртацца работнікам, якія жадаюць аформіць дадатковую назапашвальную пенсію?
Адказ: ініцыятарам уступлення ў новую праграму з’яўляецца сам работнік. Толькі ён вырашае, ці ўдзельнічаць у ёй. Калі работнік прымае станоўчае рашэнне, то наймальнік абавязаны выплачваць сваю частку ўзносаў.
Работнікам, якія жадаюць аформіць дадатковую назапашвальную пенсію, неабходна звяртацца ў РУСП “Стравіта”. Падаць заяву і заключыць дагавор можна пры асабістым візіце ў гэту страхавую арганізацыю ці ў электронным выглядзе праз афіцыйны сайт. Аб заключэнні дагавора і ўдзеле ў новай праграме трэба абвясціць наймальніка.
Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga