Жыла проста і ў працы

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сёлета сваю шаноўную 90-ю вясну сустрэла наша паважаная зямлячка, чалавек просты і працавіты, Алена Яфімчык.

З вясёлымі песнямі і цёплымі віншаваннямі ў юбілейны дзень нараджэння Алену Канстанцінаўну наведалі госці. У рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” па сакрэты даўгалецця да яе завіталі спецыялісты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская і Ірына Бакшук, якіх жывой музыкай падтрымаў Іван Кашко. Падарунак ад раённага савета ветэранаў Алене Яфімчык уручыў старшыня аб’яднання Міхаіл Губар.

Госці жадалі юбілярцы радасных дзён, аптымізму, здаровага даўгалецця побач з блізкімі людзьмі, шчасця і дабрабыту. З задавальненнем яны праспявалі для імянінніцы яе любімую песню “Под окном высоким, под окном широким вишня белоснежная цветёт”.

Алена Канстанцінаўна прызналася, што вельмі любіць песні, магчыма, яшчэ і таму, што з імі і цяжкая работа здаецца лягчэйшай, і маркота адступае. Працаваць нашай зямлячцы на працягу жыцця давялося вельмі шмат, так ужо склаўся лёс. Нарадзілася яна ў далёкім 1933 годзе ў вёсцы Раманавічы, у сям’і, дзе гадавалася яшчэ двое дзяцей. Бацька, як зазначае, “хадзіў у начальстве”: за польскім часам працаваў у мясцовай управе, пасля Вялікай Айчыннай вайны – у сельсавеце. Аднак памёр ён маладым чалавекам, а для Алены на гэтым скончылася вучоба ў школе, паколькі не было каму вазіць яе ў Накрышкі.

Цяжкія ўспаміны пра сябе пакінула і ваеннае ліхалецце. На ўсё жыццё ў дзіцячую памяць урэзаліся падзеі тых дзён, калі фашысцкія карнікі знішчалі жыхароў вёскі Дубраўка. Вяскоўцы з наваколля са страху пахаваліся ў лесе, захапіўшы з сабой, хто што паспеў. Тады горкая доля мінула раманавіцкія сем’і, але глыбокі след у сэрцах людзей застаўся.

Пасля вайны старэйшага брата Алены забралі ў армію, дзе ён служыў больш за тры гады. У сям’і засталіся адны жанчыны, а трэба было выжываць, апрацоўваць свой надзел зямлі. Шчасціла, што конь быў рахманы і спакойны, таму матуля і старэйшая Алена спраўляліся: разам аралі, малацілі, ужо не кажучы пра жаночую работу.

Пасталеўшы, дзяўчына пайшла працаваць у мясцовы калгас, які на той час насіў імя Сяргея Кірава, а старшынёй там быў Аляксандр Пяшко. Усё працоўнае жыццё Алены Канстанцінаўны прайшло ў сельскай гаспадарцы. Спачатку працавала рознарабочай, была ў паляводстве, на нарыхтоўках сена, на лёне – такія работы выконваліся пераважна ўручную. З 1967 года яшчэ 20 гадоў – даяркай.

У 1956 годзе Алена выйшла замуж за хлопца, з якім пачалі сустракацца на вясковых танцах. З мужам Аляксандрам выгадавалі сына Леаніда і дачку Марыю, менавіта яна цяпер клапоціцца пра матулю, жыве ў Дзятлаве. Алену Канстанцінаўну радуюць чацвёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў.

Галоўным сакрэтам даўгалецця наша зямлячка лічыць свае працавітасць і аптымізм. Адзначае, што заўсёды старалася быць не толькі стараннай работніцай, але і дбайнай гаспадыняй. Самымі шануемымі святамі ў сям’і Яфімчыкаў былі Вялікдзень і Каляды. Гатавалі дамашнія каўбасы, запякалі ў печы кумпяк, фарбавалі яйкі. Вяскоўцы ўмелі весяліцца. Сама Алена неаднаразова хадзіла разам з валачобнікамі, да гэтага часу памятае песні “Хрыстос уваскрос, сын Божы”, “Добры вечар, паненачка”, “Добры вечар, гаспадару” і іншыя.

Светлыя ўспаміны пра шчаслівыя моманты жыцця, людзей, з якімі сябравала, добрыя падзеі і ў сярэбраным узросце саграваюць душу доўгажыхаркі. Яна цэніць тое, што мае, і жадае сучаснаму маладому пакаленню моцнага здароўя, мірнага жыцця, любіць блізкіх і не цурацца працы, праз якую да кожнага чалавека прыходзяць дастатак і дабрабыт.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga