Што хвалюе моладзь Дзятлаўшчыны?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Апошнім часам у рэгіёнах Беларусі ладзяцца моладзевыя форумы, дзе нашы землякі дзеляцца меркаваннямі па розных тэмах і накірунках развіцця краіны, расказваюць, чым цікавяцца, чаго хочуць дасягнуць у сваім жыцці.

Карэспандэнтка газеты “Перамога” вырашыла даведацца, што хвалюе моладзь нашага раёна, да чаго імкнуцца, чым захапляюцца маладыя дзятлаўчане.

Паліна Духоўнік, навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава:

– Я вучуся ў 11 класе. Асноўнай сваёй задачай на сёння лічу выбар будучай прафесіі. Зрабіць яго было далёка не проста. Я пастаянна думала: “Кім стану ў дарослым жыцці? Якім буду работнікам? Ці будзе мне падабацца мая прафесія?”. Правільны выбар спецыяльнасці для выпускніка – першы крок у паспяховую будучыню. Другі год запар я наведваю факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Чаму я вырашыла стаць настаўнікам? Таму што настаўнік суправаджае чалавека на працягу ўсяго жыцця, а чалавецтва – на працягу ўсёй гісторыі. Галоўным прыкладам для мяне пры выбары будучай жыццёвай справы стала Таццяна Яўгенаўна Калашнікава – мой класны кіраўнік. Я бачу, што яна сапраўды атрымлівае асалоду ад сваёй працы, ад стасункаў з дзецьмі. Таццяна Яўгенаўна не толькі перадае нам веды па прадмеце, але і вучыць быць годнымі людзьмі. Гледзячы на яе, і мне захацелася стаць настаўніцай. Я лічу, што паспяховы настаўнік павінен валодаць арганізатарскімі здольнасцямі, быць мэтанакіраваным, арыгінальным, творчым, рознабаковым, любіць дзяцей. Менавіта гэтыя якасці ўласцівы Таццяне Яўгенаўне, і для нас з аднакласнікамі – яна прыклад для пераймання.

Алеся Жылінская, метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава:

– Мяне і маіх навучэнцаў хвалюе праблема экалогіі. Ёй мы прысвячаем акцыі і праекты. Каб наша меркаванне пачулі, а вынікі

праведзенай работы заўважылі, актыўна прымаем удзел у творчых конкурсах. Чацвёрты раз запар прадстаўляем работы на конкурс дзіцячых навукова-практычных праектаў эколага-біялагічнай тэматыкі “Празрыстыя хвалі Нарачы”. А нядаўна навучэнцы прынялі ўдзел у міжнародным праекце “Лесомания”, скіраваным на пашырэнне і паглыбленне ведаў і ўяўленняў аб лясах, аб глабальных праблемах іх знікнення.

Паўдзельнічалі нашы юныя землякі і ў рэспубліканскім інтэрнэт-форуме “Праваслаўная моладзь за ўстойлівае развіццё”. Штогод мы ўдзельнічаем у рэспубліканскай акцыі па пытаннях раздзельнага збору адходаў “Хто, калі не мы!”, міжнароднай акцыі “Дзень без аўтамабіля”, рэспубліканскай акцыі “Чысты лес”.

А вось новы конкурс даследчых работ “Экалогія і казка” праходзіць упершыню. Аднак ён выклікаў у навучэнцаў значную цікавасць, бо скіраваны на даследаванне дзіцячых казак, баек і гісторый.

Таццяна Орсік, спікер вучнёўскага савета, актывістка валанцёрскага атрада “Цяпло душы” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава:

– Моладзь, і я не выключэнне, актыўна шукае сябе ў грамадскіх справах. Мы нараджаемся з рознымі здольнасцямі, “стартавым капіталам”, магчымасцямі, але ў многіх з нас чулае сэрца. І гэта добра, бо людзям ва ўсе часы патрэбна падтрымка і дапамога.

У нашай школе рэгулярна праводзяцца валанцёрскія мерапрыемствы. За кожным класам замацаваны ветэраны працы, якім аказваецца дапамога. Таксама ладзім мерапрыемствы па добраўпарадкаванні помнікаў, падшэфных тэрыторый, збіраем другасную сыравіну.

Па меры сваіх сіл і магчымасцяў я стараюся прымаць удзел у кожным такім мерапрыемстве. Адной з апошніх акцый, у якой паўдзельнічала наша школа, была акцыя “Чысты лес”. Разам з работнікамі Дзятлаўскага РУП ЖКГ мы навялі парадак на прылеглай да Дзятлаўскай АЗС тэрыторыі. У бліжэйшы час наш валанцёрскі атрад “Цяпло душы” плануе правесці азнаямленчыя гутаркі для папаўнення шэрагаў валанцёраў школы.

Я лічу, што для сучаснай моладзі валанцёрства можа стаць важным аспектам у жыцці, бо дапамагаць людзям і прыродзе высакародна, годна і пачэсна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: