Ваенныя зборы – гэта від вайсковай службы, які заключаецца ў выкананні воінскага абавязку праз падрыхтоўку ваеннаабавязаных для назначэння іх на вышэйшыя воінскія пасады, удасканаленне ведаў у ваеннай галіне, асваенне новых відаў узбраення і ваеннай тэхнікі, падрыхтоўку спецыялістаў, неабходных для камплектавання Узброеных Сіл і іншых воінскіх фарміраванняў на ваенны час, абслугоўвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі недатыкальнага запасу, удзелу ў мерапрыемствах па праверцы баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці вайсковых часцей, ваенных камісарыятаў, іншых арганізацый Узброеных Сіл і воінскіх фарміраванняў (абзац 17 артыкула 1 Закона “Аб воінскім абавязку і вайсковай службе”).
Ваеннаабавязаным, якія адабраны для праходжання збораў, уручаюцца павесткі з пазначаным тэрмінам яўкі ў ваенкамат. Ваенкамат паведамляе кіраўніку арганізацыі аб тым, што яго работнік прызываецца на ваенныя зборы. У паведамленні пазначаецца тэрмін знаходжання работніка на ваенных зборах з улікам часу на праезд да вайсковай часці і назад. На падставе гэтага паведамлення наймальнік вызваляе работніка ад работы на час яго знаходжання на зборах. Калі па якіх-небудзь прычынах арганізацыя не атрымала такое паведамленне, падставай для вызвалення ад работы будзе атрыманая работнікам павестка. Наймальнік не мае права перашкодзіць выкананню работнікам воінскіх абавязкаў.
За работнікамі, выкліканымі на ваенныя зборы, на ўвесь іх час, уключаючы прыбыццё да месца іх правядзення і назад, калі гэта звязана з выездам з месца жыхарства, захоўваюцца месца работы, пасада служачага (прафесія рабочага) і выплачваецца сярэдні заробак за ўсе працоўныя дні па месцы работы. Па заканчэнні збораў работніку выдаецца даведка ўсталяванай формы аб колькасці дзён знаходжання на ваенных зборах. На падставе гэтай даведкі пацвярджаецца фактычны час знаходжання работніка на ваенных зборах і налічваецца сярэдні заробак.
За ўхіленне ваеннаабавязанага ад яўкі на зборы прадугледжана крымінальная адказнасць па артыкуле 436 КК Рэспублікі Беларусь, санкцыя якога прадугледжвае максімальнае пакаранне да двух гадоў абмежавання волі.
Віталій ЮРГО,
пракурор Дзятлаўскага раёна