Неабыякавыя да птушак роднага краю
Дыпломам 2 ступені на абласным фестывалі “Саракі” адзначаны творчы калектыў навучэнцаў сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава. “Шчыглы” – гэта каманда з пяці чалавек, неабыякавых да праблем аховы прыроды роднага краю. Падрыхтоўкай юных эколагаў займаліся настаўніца біялогіі Жанна Сёмуха і загадчыца аддзялення дадатковай адукацыі Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Марына Шыкуць. Работа вялася ва ўзаемадзеянні з Дзятлаўскім лясгасам. Заняткі ажыццяўляюцца ў рамках работы навуковай супольнасці экалагічнай накіраванасці “Эка-мысленне”, пазакласнай работы па прадмеце.
Экскурсія ў Дзятлаўскае ДТСААФ
Навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава наведалі ДТСААФ, дзе ім паведамілі пра гісторыю стварэння і развіцця Дзятлаўскай аб’яднанай арганізацыйнай структуры. У ходзе экскурсіі прадстаўнік арганізацыі падрабязна расказаў аб яе дзейнасці, паказаў навучальныя кабінеты па падрыхтоўцы вадзіцеляў розных катэгорый. Таксама інструктар нагадаў аб правілах дарожнага руху для пешаходаў і вадзіцеляў розных транспартных сродкаў. Самым хвалюючым момантам экскурсіі стала магчымасць гімназістаў пабыць на месцы вадзіцеля і вырашыць разнастайныя задачы, каб пазбегнуць дарожных здарэнняў і прадбачыць небяспеку.
А вы ведаеце?
Фінансавая адукаванасць – асноўнае патрабаванне паспяховага жыцця любога сучаснага чалавека: як рацыянальна зберагаць, траціць, адказна ставіцца да складаных пытанняў узяцця грошай у доўг і інвестыцый. На гэтыя і іншыя пытанні знайшлі адказ навучэнцы 9 класа гімназіі № 1 райцэнтра, наведаўшы аддзяленне Беларусбанка.
Супрацоўнікі банка расказалі навучэнцам, якія бываюць уклады, з якога ўзросту можна мець свой, чым яны адрозніваюцца. Пры гэтым звярнулі ўвагу і на яго зручнасць: адкрыццё і папаўненне анлайн, пралангацыя, min і max сума, капіталізацыя – папярэдзілі, што ў некаторых укладах з працэнтнага даходу трэба плаціць падатак. Школьнікі даведаліся, што ў Беларусі дзейнічае адзіны партал фінансавай адукаванасці. На ім таксама праводзяцца розныя конкурсы. Асаблівая ўвага была звернута на спосабы махлярства: вішынг, фішынг, узлом сацыяльных сетак, падман на гандлёвых інтэрнэт-пляцоўках.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga