Школьнікі пабылі на адкрытым пасяджэнні суда

Важнае Грамадства

Урокі бываюць самыя розныя, а гэты для навучэнцаў 8-11 класаў школ раёна, у тым ліку тых, з якімі інспекцыя па справах непаўналетніх праводзіць індывідуальную прафілактычную работу, меў асаблівы, нязвыклы для Дзятлаўшчыны фармат адкрытага судовага пасяджэння.

Прайшло яно ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, глядзельная зала якога на час вынясення прысуду ператварылася ў судовую. Аднак, як любы ўрок, мерапрыемства несла ў сабе адукацыйныя мэты – папярэдзіць супрацьпраўныя паводзіны ў сферы незаконнага абароту і ўжывання наркотыкаў, навучыць непаўналетніх не рабіць татальных памылак, якія могуць зламаць жыццё, у тым ліку не толькі вінаватаму, але і яго блізкім.

На гэты раз на лаве падсудных былі двое дарослых мужчын, якія самі гадуюць дзяцей-падлеткаў. Судовае пасяджэнне вёў суддзя Дзятлаўскага раёна Сяргей Сёмуха, у якасці дзяржаўнага абвінаваўцы на ім прысутнічала памочнік пракурора Дзятлаўскага раёна Ірына Забеліна.

Абодва падсудныя – жыхары гарадскога пасёлка Казлоўшчына, прычым адзін – ураджэнец нашага раёна, другі – Расійскай Федэрацыі з відам на жыхарства ў Беларусі. Учыненае імі злачынства звязана з вырабам, захоўваннем, перавозкай наркотыкаў. Мужчыны былі затрыманы ў студзені гэтага года, у іх знойдзены наркаўтрымліваючае рэчыва, якое абвінавачаныя хавалі ў машыне, шпрыцы з ін’екцыямі, а па месцы жыхарства ў час вобыску – блэндар і газавая плітка са слядамі наркатычнага сродку. На момант затрымання падсудныя былі ў стане наркатычнага ап’янення, якое пацверджана медыцынскім асведчаннем. Сваю віну прызналі поўнасцю, раскаяліся, актыўна супрацоўнічалі са следствам.

Дзеянні ўраджэнца нашага раёна кваліфікаваны як незаконны пасеў і вырошчванне наркаўтрымліваючых раслін для вырабу наркотыку, а таксама незаконны без мэты збыту выраб, перапрацоўка, захоўванне і перавозка наркатычнага сродку – ён асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Дзеянні ўраджэнца Расійскай Федэрацыі кваліфікаваны як незаконнае без мэты збыту набыццё, захоўванне і перавозка наркатычных сродкаў – ён атрымаў пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Маёмасць, якая стала сродкам учынення злачынства, а гэта 2 аўтамабілі, канфіскавана, як і рэчыўныя доказы. У долевым парадку ў даход дзяржавы з асуджаных спагнаны працэсуальныя выдаткі ў суме 339 рублёў 27 капеек.

Рашэнне суда пракаменціравала Ірына Забеліна:

– Судом Дзятлаўскага раёна пастаноўлены абвінаваўчы прысуд на двух жыхароў раёна за ўчыненне злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 328, а на ўраджэнца Дзятлаўшчыны яшчэ і часткай 1 артыкула 329 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Санкцыі абодвух артыкулаў прадугледжваюць таксама іншыя віды пакарання без пазбаўлення волі, аднак падставаў для іх не знайшлося. Пазіцыя пракурора і дзяржабвінаваўцы была аднолькавай, суд з ёй таксама згадзіўся.

Прысуд абвешчаны, але ў законную сілу яшчэ не ўступіў, і абодва абвінавачаныя маюць права на апеляцыйныя скаргі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga