Ім было ўсяго па 20 гадоў.
Юныя, поўныя рамантыкі медыкі, якія ехалі выконваць свой працоўны абавязак. Людміла Рудзік і Людміла Глубокая пазнаёміліся ў забруджанай зоне, разам удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, а ў хуткім часе лёс падарыў ім другую сустрэчу – у Дзятлаўскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, дзе абедзве працуюць памочнікамі доктара-гігіеніста.
– Калі здарылася аварыя на ЧАЭС, я была ў штаце абласнога цэнтра гігіены ў Гродне. Мы сталі першай у вобласці брыгадай медыцынскіх работнікаў, сабранай з усёй нашай Гродзеншчыны, пад кіраўніцтвам галоўнага доктара абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Валерыя Васільева, – расказвае Людміла Рудзік. – У Хойніцкім раёне пазнаёміліся з будучай калегай Людмілай Браніславаўнай, камандзіраванай з Мастоўшчыны.
Гэта былі майскія святы, калі хацелася жыць, любіць увесь свет і святкаваць ад душы. Пра радыяцыю ніхто не ведаў і нават не ўяўляў сапраўдную небяспеку. Але яна была. У мясцовасці, дзе працавалі жанчыны, установы зачынілі, але заставаліся прадпрыемствы і гандаль, насельніцтва груп рызыкі эвакуіравалі, ішла дэзактывацыя і аднаўленне тэрыторыі. Але там былі людзі, пераважна старажылы, якія ўпарта трымаліся за свой дом і заставаліся на малой радзіме.
– Нашай задачай было сачыць за якасцю прадуктаў харчавання ў падсобных гаспадарках і гандлёвай сетцы, вымяраць узровень радыяцыі на навакольнай тэрыторыі, – тлумачыць Людміла Глубокая.
Дзесяць дзён, якія яны знаходзіліся на Гомельшчыне, жанчынам запомніліся на ўсё жыццё. Жылі ў спартыўнай зале: на адзін бок – жанчыны, на другі – мужчыны, працавалі ў будынках дзіцячых садоў, куды прыходзілі людзі, каб праверыць прадукты харчавання, і многія з іх паказвалі высокі ўзровень радыяцыі.
– Тое, што знаходзілася глыбей за 10 сантыметраў у зямлі, не “фаніла”, а што вышэй – практычна ўсё было забруджана, – расказвае Людміла Вацлаваўна. – Я правярала прадукты на наяўнасць цэзію, а Людміла Браніславаўна працавала ў выязной брыгадзе.
– Самымі складанымі ў камандзіроўцы былі абмежаванні ва ўсім: нельга было гуляць, нават паркавацца ў пэўных месцах, ужываць многія прадукты, – успамінаюць жанчыны.
Медыкі працавалі па 12 гадзін у суткі без магутных сродкаў індывідуальнай абароны, каб не палохаць яшчэ больш мясцовае насельніцтва. Ды і не ведалі, як напэўна абараняцца ад радыяцыі: яна не адчувалася ніяк, толькі калі ўвечары ішлі ў душ, мутнымі кроплямі сцякала ўніз. Родным пра асаблівую камандзіроўку не паведамлялі, не хацелася хваляваць.
– Што для вас азначае статус ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, які вы маеце? – пытаюся ў суразмоўніц.
– Мы і нашы калегі проста выконвалі сваю работу як тады, так і цяпер, яна ў медыкаў ва ўсе часы няпростая. У нас ёсць пасведчанні ліквідатараў, медалі як напамін аб тым, што мы таксама мелі дачыненне да гэтых падзей, дапамагалі людзям, як і многія нашы землякі, – адзначае Людміла Рудзік.
– Як вы ставіцеся да таго, што ў нашай краіне працуе Астравецкая АЭС?
– Давяраем сваёй дзяржаве, спецыялістам і сучасным тэхналогіям, якія крочаць далёка наперад. Верым у тое, што беларускі атам будзе па-сапраўднаму мірным, – адказвае Людміла Глубокая.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga