Прафілактыка – лепш за лячэнне і лепш за крымінальную адказнасць

Важнае Улада

На пасяджэнні райвыканкама разгледзелі пытанні, якія датычыліся эфектыўнасці прымаемых мер, накіраваных на супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў і прафілактыкі іх спажывання на тэрыторыі раёна, і аб арганізацыі правядзення дыспансерызацыі.

Маршрут медыцынскага абследавання

Дыспансерызацыя – гэта комплекс лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на ранняе выяўленне захворванняў і іх фактараў рызыкі. Дыспансерызацыя праводзіцца ў мэтах правядзення медыцынскай прафілактыкі, прапаганды здаровага ладу жыцця, выхавання адказнасці грамадзян за сваё здароўе.

Па выніках 2022 года ў раёне агледжана 18 461 чалавек, з іх працаздольных 10 821. Па выніках дыспансерызацыі было ўпершыню выяўлена 2092 выпадкі захворванняў, у працаздольных – 1038 выпадкаў, з іх у мужчын – 687, жанчын – 621.

Асноўным нарматыўным дакументам, на падставе якога праводзіцца дыспансерызацыя, з’яўляецца пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 9 жніўня 2022 года № 83 “Аб парадку правядзення дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва”, якое ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2023 года.

– Гэта вельмі важная тэма – захаванне здароўя чалавека. Трагічна, калі з-за несвоечасова выяўленых цяжкіх захворванняў мы страчваем людзей. Медыкам неабходна тлумачыць насельніцтву як мага больш і часцей пра тое, што праходзіць дыспансерызацыю важна і трэба. Новы акцэнт на прафілактычны кірунак дапаможа зрабіць пацыента, асабліва маладога ўзросту, актыўным удзельнікам кантролю за сваім здароўем, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Як праінфармаваў галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Алег Анцух, у раённай паліклініцы функцыянуе некалькі кабінетаў дыспансерызацыі.

Тут праводзіцца анкетаванне, вымяраюць рост, вагу, аглядаюць стан поласці рота і скуры, вымяраюць артэрыяльны ціск, акружнасць таліі, вызначаюць індэкс масы цела. Пры неабходнасці робяць кардыяграму, а пацыентам, старэйшым за 40 гадоў, вымяраюць унутрывокавы ціск. Жанчын накіроўваюць у аглядны кабінет. Па выніках такога агляду і па ацэнцы анкетавання медыцынскі работнік вызначае далейшыя неабходныя мерапрыемствы.

Дыспансерызацыя праводзіцца па папярэднім запісе. Запісацца можна, звярнуўшыся ў рэгістратуру, патэлефанаваўшы па нумарах кол-цэнтра, праз сайт бальніцы, пакінуўшы заяўку. Таксама, калі пацыент прыйшоў па сваіх пытаннях на прыём да доктара, яму ў гэты ж дзень будзе праведзена дыспансерызацыя ў поўным аб’ёме.

За першы квартал 2023 года прайшлі поўную дыспансерызацыю 804 пацыенты ўзросту 18-39 гадоў, 3294 пацыенты, старэйшыя за 40 гадоў.

У фармаце выязной дыспансерызацыі агледжана 211 пацыентаў фельчарска-акушэрскіх пунктаў.

Пагроза дэмаграфічнай бяспецы краіны, эканоміцы, грамадству

Наркотыкі можна назваць вострай тэмай сучаснасці, злом, якое ламае лёсы многіх людзей, у тым ліку і маладых. І гэта агульны боль соцыуму.

Намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Дзяніс Аўраменкаў у сваім выступленні падкрэсліў, што шкода, якая наносіцца нарказлачыннасцю, аб’ектыўна робіць гэты від крымінальнай актыўнасці адным з найбольш небяспечных для грамадства: негатыўна адбіваецца на здароўі насельніцтва, значна пагаршае дэмаграфічную сітуацыю, падрывае сацыяльныя і эканамічныя інтарэсы.

На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна ў 2022 годзе выяўлена 5 злачынстваў па лініі незаконнага абароту наркотыкаў. Мясцовая наркатычная база прадстаўлена ў асноўнай сваёй масе макам і марыхуанай, якія растуць ва ўмовах нашага клімату. Агульная вага знішчанай расліннай наркатычнай сыравіннай базы склала 150 кілаграмаў.

Да адміністрацыйнай адказнасці за незаконныя пасеў і (або) вырошчванне раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы, прыцягнуты 24 асобы.

Па стане на 1 студзеня 2023 года на ўліку ў Дзятлаўскай ЦРБ у наркалагічнай службе ў сувязі з немедыцынскім спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў знаходзіцца адзін чалавек.

Супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў ва ўзаемадзеянні з установамі аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту, грамадскімі арганізацыямі, сродкамі масавай інфармацыі і іншымі суб’ектамі прафілактыкі раёна праводзіцца актыўная прафілактычная работа сярод насельніцтва – гэта выступленні ў працоўных калектывах, навучальных установах горада і раёна з давядзеннем інфармацыі прафілактычнага характару з дэманстрацыяй відэаролікаў; размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў; адпрацоўка забаўляльных установаў і месцаў масавага адпачынку моладзі; распаўсюджанне інфармацыі праз друкаваную версію і сайт, сацыяльныя сеткі, месенджары раённай газеты; таксама ў Telegram створана група пад назвай “Stop наркотык Дзятлава”, у якой ажыццяўляецца размяшчэнне інфармацыі антынаркатычнага характару, практычных вынікаў затрымання асобаў за гэты від злачыннай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Праведзеным аналізам узбуджаных крымінальных спраў устаноўлена, што людзі, якія спажываюць і збываюць наркотыкі, – гэта, як правіла, моладзь да 30 гадоў, працуючыя, несудзімыя, і, адпаведна, не траплялі ў поле зроку праваахоўнікаў.

Завяршаючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі заклікаў прысутных прытрымлівацца сфарміраванага механізму работы па прафілактыцы спажывання і распаўсюджання наркотыкаў у раёне.

– Нягледзячы на тое, што ў нас адносна спакойная абстаноўка, па рэспубліцы ўсё выглядае сумна – кожны тыдзень праваахоўныя органы затрымліваюць закладчыкаў, перавозчыкаў, спажыўцоў наркотыкаў, таму неабходна трымаць гэту тэму на кантролі і ўсім зацікаўленым службам прафілактыраваць яе далей, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga