Хвалявалі стан дарог і аварыйныя дрэвы

Важнае Улада

27 красавіка прамую тэлефонную лінію для жыхароў Дзятлаўскага раёна правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк.

Са сваімі пытаннямі да Уладзіміра Аляксандравіча звярнуліся 4 чалавекі.

Жыхара вёскі Мядзвінавічы хвалявала праблема адвядзення вады з яго прысядзібнага ўчастка. Дэпутат узяў просьбу вяскоўца на асабісты кантроль.

Наступная заяўніца патэлефанавала з аграгарадка Дварэц. Расказала, што на яе вуліцы, на прысядзібным участку па суседстве расце вялікая бяроза. Жыхары бліжэйшых дамоў, а яны пераважна пенсіянеры, непакояцца, што верхавіна дрэва можа не вытрымаць моцных вятроў і нарабіць бяды.

З пытаннем аб магчымасці выдалення праблемнай бярозы Уладзімір Сіняк звярнуўся да старшыні Дварэцкага сельвыканкама Канстанціна Вінцукевіча. Канстанцін Адамавіч патлумачыў, што найперш спытаць дазволу, ці можна спілаваць дрэва, трэба ў гаспадыні домаўладання, на тэрыторыі якога яно расце, і паабяцаў у бліжэйшы час гэта зрабіць. Калі адказ будзе станоўчы, бярозу выдаляць.

Стан дарогі, якая вядзе да яе дома, хваляваў наступную заяўніцу з вёскі Самойлаўшчына. Паколькі жанчына з гэтым пытаннем да дэпутата звяртаецца не першы раз, то прыняць рашэнне ён паабяцаў пасля выезду на месца.

Адразу дзве тэмы хвалявалі жыхарку Парэцкага сельсавета. Па-першае, жанчына непакоілася, што цяжкая тэхніка “разбіла” дарогу на Разважжа да могілак. Па-другое, расказала, што на могілках вёскі Русакі (а гэта ўгоддзі ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”) ёсць аварыйныя дрэвы, якія неабходна спілаваць.

Для вырашэння гэтых пытанняў дэпутат звязаўся са старшынёй Парэцкага сельвыканкама Аляксандрам Ядэйкам. Аляксандр Аляксандравіч патлумачыў, што пасля 9 мая для аб’езду і ацэнкі стану ўсіх могілак сельсавета будзе створана камісія з удзелам спецыялістаў лясгаса і камунгаса, якая і прыме далейшыя рашэнні па добраўпарадкаванні. А наконт праблемнага ўчастка дарогі паабяцаў, што ён будзе прагрэйдзіраваны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga