Хто такая Дзятліца і дзе з ёй пазнаёміцца?

Свежыя навіны Спорт і турызм

Сёлета Дзятлаўшчына прымае ўдзел у 25 Міжнародным вясновым кірмашы турысцкіх паслугаў “Адпачынак-2023”, які пройдзе з 13 па 15 красавіка ў Мінску ў Палацы спорту.

 

Чым наш раён будзе прывабліваць патэнцыяльных турыстаў і што адметнае чакае наведвальнікаў дзятлаўскай экспазіцыі, расказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка:

– Кірмаш будзе юбілейны. Удзельнічаем у ім другі год запар. Летась рэкламавалі сваю паліграфічную прадукцыю на агульным стэндзе Гродзеншчыны. Вынікі паездкі ў сталіцу прааналізавалі і вырашылі, што ў гэтым годзе маштабы варта пашыраць. Ужо падрыхтавана выставачнае абсталяванне, дзе адлюстраваны ўсе віды турызму, якія развіваюцца на Дзятлаўшчыне. Выраблены новы паліграфічны матэрыял. Гэта плакат “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, флаеры, тэматычныя лістоўкі аб экаквэсце “Ключы Бабулі Зімы”, музеі “Дзеці ліхалецця”, маршруце “Знаёмцеся – Дзятлава”, а таксама буклет аб турыстычным патэнцыяле Дзятлаўскага раёна ў цэлым.

Паколькі выстава будзе доўжыцца тры дні, то мы распрацавалі праграму мерапрыемстваў на кожны з іх. Для папулярызацыі раёна прыдумалі своеасаблівы MassCode дзятлаўскага турызму – вобраз Дзятліцы. Яна адлюстроўвае адну з версій паходжання назвы нашага горада паводле кнігі Пятра Русава “Спатканыя ў дарозе”. У народзе ж дзятліца – гэта белая канюшына, якой у нашых мясцінах расце сапраўды вельмі шмат. Такі касцюмаваны вобраз будзе прадстаўляць выставачны стэнд раёна.

У рамках кірмашу мы заявіліся таксама на прэс-канферэнцыю, на якой будзем дэманстраваць наш турыстычны маршрут “Дарогамі Дзятлаўшчыны”. Усе тры дні будзе працаваць лаўка “Хэндмэйд з душой”, дзе сваё майстэрства пакажуць рамеснікі Сяргей Балыкоў – па лозапляценні і Анатоль Кардаш – па кераміцы і ганчарнай справе. Прадэманструем і анімацыйную праграму “У гасцях у “Суседзяў” Дварэцкага дома культуры. Паколькі кірмаш носіць міжнародны характар, то мы імкнуліся, каб наш выставачны стэнд меў адметныя рысы беларускай старонкі, безумоўна, дварэцкія артысты будуць папулярызаваць культурна-падзейны турызм Дзятлаўшчыны як аднаго з яе куткоў. Прэзентуем і водна-пешаходны тур “Ад цара да самавара”, які сёлета плануем адкрыць і для якога ўжо закуплена турыстычная навігацыя, і іншыя віды турызму. У дадатак на асобнай пляцоўцы дэманстраваць патэнцыял раёна будзе і ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, які прадставіць паляўнічы турызм, паслугі хаткі паляўнічага з выкарыстаннем элементаў анімацыі турыстычнага прадукту экалагічнай скіраванасці – квэста “Ключы Бабулі Зімы”.

Дзятлаўскі раён невялікі, магчыма, яшчэ малавядомы, таму мы задумаліся, як прывабіць да сваёй выставы як мага больш наведвальнікаў. Для гэтага распрацавалі гульню-акцыю “Падарожнічай з Дзятліцай”. З ёй плануем “выйсці ў масы” і будзем прапаноўваць наведвальнікам кірмашу падысці да нашага стэнда. Калі чалавек зацікавіцца, наведае адно з мерапрыемстваў раённай праграмы, ён атрымае купон у 10 балаў. Госці нашай выставы з найбольшай колькасцю купонаў у апошні дзень кірмашу паўдзельнічаюць у розыгрышы, прызамі якога будуць бясплатныя сертыфікаты: тры на сплаў на байдарках для дваіх, яшчэ столькі ж – на экскурсію для дваіх па маршруце “Знаёмцеся – Дзятлава”.

Актыўная падрыхтоўка да выставы ўжо распачата. Каб загадзя заявіць пра сябе і займець сваю шырокую аўдыторыю на кірмашы, кожны дзень на нашых старонках visit_dyatlovo ў Instagram і Facebook размяшчаем свежую цікавую інфармацыю. Сачыце за навінамі, прыходзьце на кірмаш, падарожнічайце па Дзятлаўшчыне з намі.

Ірына СТЫРНІК      

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga