Час выбраў нас. Мы выбіраем мір і стварэнне (+відэа)

Галоўнае Улада

Дзятлаўшчына далучылася да абласной акцыі “Памяць. Мір. Стварэнне”.

Каля падножжа абеліска Славы ў райцэнтры старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі перадаў сімвалічны “агонь стварэння” старшыні Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганне Хвядзюк.

Старт акцыі быў дадзены ў Гродне ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Ад Вечнага агню брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у парку імя Жылібера ветэраны і моладзь запалілі факел, які па эстафеце перадаецца ад раёна да раёна. Падзея нясе глыбокі сэнс: “агонь памяці” ператвараецца ў “агонь стварэння” і дае старт добрым пачынанням ва ўсіх рэгіёнах вобласці.

Акцыя ўжо прайшла ў 7 раёнах, з Лідчыны “агонь стварэння” быў перададзены на Дзятлаўшчыну.

Для ўдзелу ў акцыі каля абеліска сабраліся прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, школьнікі Дзятлаўшчыны, дэлегацыя Шчучынскага раёна.

– Абласная акцыя “Памяць. Мір. Стварэнне”, з аднаго боку, даніна павагі тым, дзякуючы каму сёння мы жывём у міры, адзінстве і згодзе, з другога – нагода яшчэ мацней аб’яднацца людзям розных пакаленняў, прафесій, усім, хто шануе мір, дабрабыт, незалежнасць нашай Беларусі, – звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства Андрэй Садоўскі. – Сёння простыя словы “мір”, “стварэнне” напаўняюцца новым сэнсам, за імі – наша рэчаіснасць і спакойнае жыццё, бяспечныя гарады і вёскі, магчымасць гадаваць дзяцей і радавацца кожнаму новаму дню. Гэту магчымасць нам даў ратны подзвіг нашых продкаў. Нізкі паклон і вечная ўдзячнасць воінам-вызваліцелям!

Мы павінны зрабіць усё неабходнае, каб стваральнай працай памножыць дасягненні і багацце нашай краіны. У нашым адзінстве – аснова мірнага жыцця, шчасця кожнага чалавека і грамадства ў цэлым. Нас  аб’ядноўвае любоў да Радзімы, вернасць традыцыям і шчырае жаданне рабіць сваю краіну мацнейшай і прыгажэйшай.

У межах акцыі “агонь стварэння” пераадолее сотні кіламетраў, пакіне  сваё цяпло каля падножжа воінскіх пахаванняў ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці. І сёння з асаблівым гонарам мы перадаём эстафету нашым суседзям – Шчучынскаму раёну.

Начальнік групы прызыву на тэрміновую вайсковую службу ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Таццяна Трашчаліна адзначыла, што мір на Зямлі – найвялікшая каштоўнасць, права на якую здабылі нашы дзяды і прадзеды ў баях за Айчыну. І мы, нашчадкі герояў, абавязаны сваёй стваральнай працай спрыяць росквіту роднай Беларусі і свайго раёна.

Ад імя моладзі раёна прысутных павітала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык:

– Моладзь Дзятлаўшчыны шануе гісторыю сваёй Радзімы і ўсведамляе: шчаслівая будучыня немагчыма без памяці аб мінулым. Захаванне міру, сяброўства народаў, пераемнасці пакаленняў – наша галоўная місія, і ад моладзі ў гэтым плане залежыць многае. Менавіта мы прадоўжым прапагандаваць каштоўнасці роднай дзяржавы, і ад нас залежыць, якім будзе жыццё ў Беларусі праз гады. Нездарма кажуць: мы моцныя, калі разам. Час выбраў нас, і ён заўжды будзе патрабаваць актыўных дзеянняў у імя міру і стварэння.

Да дзятлаўчан звярнулася ўдзельніца шчучынскай дэлегацыі Ганна Хвядзюк:

– Сёння мы, прадстаўнікі Шчучыншчыны, прымаем ад вас эстафету абласной акцыі “Памяць. Мір. Стварэнне”, якая ўжо некалькі тыдняў крочыць па нашай гродзенскай зямлі і мае глыбокі сэнс. Невыпадкова перадача агню адбываецца на гэтым святым і свяшчэнным месцы, дзе мы маем поўнае права гаварыць аб тым, што Рэспубліка Беларусь заўжды застанецца вернай гістарычнай праўдзе, а мы, яе грамадзяне, зробім усё, каб захаваць мір і незалежнасць.

Кульмінацыяй акцыі стала перадача “агню стварэння”, які Андрэй Садоўскі прыняў ад маладога пакалення і перадаў Ганне Хвядзюк.

Разам з удзельнікамі моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў і прадстаўнікамі сілавых структур Андрэй Уладзіміравіч і Ганна Станіславаўна пасадзілі побач з абеліскам Славы дрэвы рабіны – сімвал міру, росквіту, згуртаванасці. Маладая пасадка прадоўжыла “Алею Памяці”, якая ў мінулым годзе была закладзена раённай уладай і моладдзю Дзятлаўшчыны. Блаславіў добрае пачынанне і асвяціў дрэвы настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула.

 

Абласная акцыя “Памяць. Мір. Стварэнне” на Дзятлаўшчыне прадоўжылася аўтапрабегам па знакавых месцах раёна, дзе яе ўдзельнікі ўшанавалі памяць землякоў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, усклалі кветкі і вянкі да помнікаў. Ключавымі пунктамі маршруту сталі Вензавец, Казлоўшчына, Дварэц, Наваельня.

 

Наталля АВЯРЧУК

Фота, відэа Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga