Жанчынам

Грамадства Свежыя навіны

Жанчыны нашы, беларускія красуні,
Бяляначкі, з граблямі на пакосе,
Чарнявыя, з вачыма цёмнай ночы,
І рыжыя, як дрэў лістота ўвосень!
Вы дабрынёю славіліся, верай,
Спагадай і цяплом, чуллівым сэрцам,
І працай пленнай, рупнымі рукамі,
Любоўю вернай, што мацней ад смерці,
І галасамі, што імчаць да зорак
І рэхам разлятаюцца над светам,
І станам тонкім, нібы ў той бярозкі,
Што скрыпкаю гучыць над ціхай рэчкай.
Для вас складалі песні і паэмы
Слаўнейшыя паэты Беларусі,
Вы мужна дом і край свой баранілі
У часы ліхія не здаліся скрусе.
На вас трымаўся свет, сям’я, Айчына,
Вы зоркай яснай уначы свяцілі,
Прад вамі ў любові, пакланенні
Спрадвеку нізка кленчылі мужчыны.
У дзень вясновы шчасця вам жадаем,
Паўнюткі кубак моцнага здароўя,
Безмернай, шчырай радасці і веры,
Якія крочаць па жыцці з любоўю.
Вясна хай будзе вашаю сяброўкай,
Памочніцай, натхненнем і надзеяй,
Наперад крочце – свет такі цудоўны,
Смялей у заўтра адчыняйце дзверы.

Алена Абрамчык

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga