Вясну сустракалі залатымі блінамі ды вясёлымі песнямі (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак

У лепшых традыцыях народных гулянняў дзятлаўчане праводзілі зіму і сустракалі вясну.

На плошчы 17 Верасня ў райцэнтры гасцей сабрала святочная праграма “Насустрач вясне”, якую падрыхтавалі калектывы і артысты Дзятлаўшчыны.

– Даўней , зіму праводзячы, абавязкова бліны пяклі, круглыя, як сонейка, вясёлыя песні спявалі ды гульні гулялі, – пазнаёмілі ўсіх з народнымі традыцыямі вядучыя. – У гэты час забаранялася быць сумным, бо лічылася: хто будзе сумаваць, таму цэлы год не будзе шанцаваць.

З жартамі і песнямі, пажаданнямі ўсім дабра і шчасця запрашалі далучацца да свята ўдзельнікі ансамбля “Мара”, народнага тэатра-студыі гульні “Прымакі”. Яны правялі цікавую віктарыну, гульні, забавы і конкурсы, вадзілі карагоды, спявалі песні.

Дзеці і дарослыя далучыліся да ўсеагульнай весялосці: разам з завірухай патанцавалі народны “Ручаёк” і ад душы паскакалі пад сучасныя рытмы разам з узорным тэатрам роставых лялек “Лялькі для ўсіх”.

Вялікі асартымент бліноў прапаноўвалі сельгаспрадпрыемствы раёна: з яблыкамі, мясам, грыбамі, шакаладам. Пачаставацца блінамі, выпечкай можна было ў палатцы Дзятлаўскага райспажыўтаварыства. Актыўна ўдзельнічалі дарослыя і дзеці ў бяспройгрышных латарэях, куплялі вырабы народных майстроў, удзельнічалі ў майстар-класе па вырабе талісманаў-абярэгаў.

Разам з землякамі віталі вясну, дарылі ўсім добры настрой песнямі артысты Нэлі Санюк, Марына Міхалоўская, Андрэй Добыш, Аляксандр Баклушын, Наталля Бузук, Таццяна Загорцава, Ала Чарняўская, Сяргей Малышчык, Ірына Бакшук, народны ансамбль песні “Зараначка”, творчыя калектывы Казлоўшчынскага, Новаяльнянскага дамоў культуры.

Гулянне суправаджалася творчымі і спартыўнымі спаборніцтвамі, пераможцы якіх атрымалі памятныя дыпломы і грашовыя падарункі.

У конкурсе “Гарачае свята да нас ідзе, бліноў з чаем прынясе” трэцяе месца ў СГФ “АграМілк”, другімі сталі прадстаўнікі КСУП “Хвінявічы”. Не было роўных кулінаркам КСУП “Жукоўшчына”, якія здзівілі прыгожымі і разнастайнымі стравамі з бліноў.

Лепшы сімвал мінулай Зімы атрымаўся ў Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі горада Дзятлава, другое – у Казлоўшчынскай сярэдняй школы, трэцяе – у сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава.

У “Парадзе саней” прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – у дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава, другое – у Казлоўшчынскага дзіцячага сада, трэцяе – у Круцілавіцкай сярэдняй школы.

У гэтым годзе ўдзельнічалі 9 каманд: РУП ЖКГ, Дзятлаўскага лясгаса, КСУП “Жукоўшчына”, “Войневічы”, СГФ “АграМілк”, Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, раёна электрычных сетак, сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, Круцілавіцкай сярэдняй школы, якія змагаліся ў шасці конкурсах. Спаборніцтвы праходзілі вельмі эмацыйна, бурна і азартна.

 

У біятлонным дартсе перамогу заваявала каманда КСУП “Жукоўшчына”, лепшыя хакеісты і “ваданосы”– у камандзе камунальнікаў, перамогу ў “Дастаўцы бліноў” і “Замыславатай пераправе” атрымалі энергетыкі, у забегу на лыжах-хадунах не было роўных прадстаўнікам “АграМілка”. Пераможцай народнай спартакіяды стала зборная Дзятлаўскага раёна электрычных сетак, сярэбранымі прызёрамі – прадстаўнікі Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, бронзавымі – калектыў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.

Наталля АВЯРЧУК
Фота і відэа аўтара, Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga