Ведае ўчастковы. А за сцяною – вечарынка

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Пытанне: што рабіць, калі хочацца цішыні і спакою, а за сцяной ідуць бясконцыя вечарынкі, рамонт або скуголіць сабака?

Адказвае ўчастковы інспектар АУС райвыканкама Мікіта Балтрукевіч:

– Пасля ўступлення ў сілу абноўленага Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях з сакавіка 2021 года пашырана фармулёўка артыкула, які тычыцца парушэнняў правілаў карыстання жылымі памяшканнямі; зменены і канкрэтызаваны сумы штрафаў, а таксама перагледжаны пералік службовых асобаў, упаўнаважаных складаць пратаколы.

Згодна з артыкулам 22.12 КоАП за дзеянні, якія парушаюць спакой іншых грамадзян у жылым доме або ствараюць вібрацыю і шум у перыяд з 23.00 да 7.00, прадугледжаны штраф у памеры ад дзвюх да дзесяці базавых велічыняў.

Асобным пунктам прапісаны шумныя паводзіны жыхароў, згодна з другім абзацам падпункта 7.10 гэтых жа правілаў “з 23.00 да 7.00 не павінны ажыццяўляцца дзеянні, якія ствараюць вібрацыю і шум (у тым ліку з дапамогай ігры на музычных інструментах, гучнай гаворкі і спеваў, прымянення піратэхнічных сродкаў, выканання бытавых (рамонтных) работ, правядзення ручных пагрузачна-разгрузачных работ, рэзкага закрыцця дзвярэй, утрымання хатніх жывёл і іншых дзеянняў)”. Канкрэтызаваны памер штрафу, пры гэтым верхняя мяжа зніжана з 30 да 10 базавых велічыняў.

За гэтыя ж парушэнні, учыненыя паўторна на працягу года, спаганяецца штраф у памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічыняў.

Каб атрымаць больш падрабязную інфармацыю па вызначаным пытанні або па іншых, якія адносяцца да кампетэнцыі органаў унутраных спраў, вы можаце звярнуцца непасрэдна ў АУС Дзятлаўскага райвыканкама, або на прыём да ўчастковага інспектара міліцыі штотыдзень па серадах: у сельскай мясцовасці з 10.00 да 13.00, у горадзе з 17.00 да 20.00.

Ірына КАМАРОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga