Тут не дзеляць праблемы на галоўныя і другарадныя

Грамадства Свежыя навіны

Узаемная дапамога, падтрымка, разуменне і павага – тыя складнікі, без якіх немагчыма камфортная сельская атмасфера.

Усё, як у сям’і, дружнай і згуртаванай.

У Казлоўшчынскім сельсавеце 33 населеныя пункты, у якіх пражываюць 3187 чалавек. Днямі тут прайшла сесія сельскага Савета дэпутатаў, на якой падвялі вынікі 2022 года: як жылі вяскоўцы, з якімі праблемамі сутыкаліся, што разам зрабілі за год для сваіх пасёлка і вёсак – вызначыліся з ідэямі і планамі на бягучы год. На пасяджэнні за актыўную жыццёвую пазіцыю, неабыякавасць да справаў сельскага савета старшыня выканкама Вадзім Бялятка ўзнагародзіў Падзячным лістом старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Шалесную; граматамі і падарункамі старастаў: вёскі Гарадкі – Аляксея Лагуціка; вёсак Куцкі, Колкі, Амбражылевічы – Марыну Карыба; Лявонавічы, Лозкі – Таццяну Махнач.

Вадзім Аляксандравіч адзначае:

– Нашы шаноўныя старасты вёсак – першыя памочнікі мае. Кожны, а іх у нас 24, – паважаны чалавек, сваёй працай яны змаглі закласці пэўныя традыцыі ў сельсавеце. А спектр пытанняў, з якімі ім даводзіцца сутыкацца штодзённа, вельмі насычаны. Згасла лямпачка ў вулічным ліхтары або заўважылі ў вёсцы бадзяжных сабак, аўталаўка спазняецца або смецце трэба вывезці – усе пытанні мы вырашаем на месцы. У Казлоўшчынскім сельсавеце жывуць 1042 пенсіянеры, 60 чалавек абслугоўваюцца сацыяльнымі работнікамі. Усяго ў нас 1756 жылых дамоў, з іх 481 – незаселены, штогод вядуцца работы па разборцы струхлелых будынкаў. У 2022 годзе па заявах грамадзян праведзена выдаленне дрэваў на могілках вёсак Мядзвінавічы, Скіпоравічы, часткова – Драбавічы, Скрундзі, Дубароўшчына, Доўбневічы, аграгарадка Лявонавічы. Дзякуючы ініцыятыве дэпутата Аляксандры Шалеснай правялі добраўпарадкаванне тэрыторыі могілкаў вёскі Скіпоравічы, усталявалі новую агароджу.

У цэлым у нас людзі жывуць па сумленні, але і асабісты прыклад старасты, яго або яе актыўнасць, неабыякавасць да ўсяго, што адбываецца, натхняюць вяскоўцаў на добрыя справы.

Калі бываюць пытанні больш сур’ёзныя: кантроль за сямейна-бытавым становішчам і выхаваннем дзяцей у сацыяльнаненадзейных сем’ях, умовамі пражывання і аказання дапамогі пажылым грамадзянам, якія жывуць адзінока, пытаннямі працаўладкавання тых, хто не вельмі жадае быць задзейнічаным у эканоміцы і іншыя, – абапіраемся на падтрымку арганізацый і прадпрыемстваў, якія размешчаны на тэрыторыі сельсавета, назіральных камісіх, дэпутатаў, участковага інспектара, грамадскіх аб’яднанняў, калі неабходна, і на раённую ўладу – адмовы ніколі не пачулі.

Хачу таксама падзякаваць за пастаянную старанную работу кіраўніку спраў і інспектарам сельвыканкама Алене Ільюхінай, Ліліі Лішык, Анастасіі Браніцкай.

Упэўнены, практычна ўсе праблемы, з якімі сутыкаюцца вяскоўцы, можна вырашыць дзякуючы камандзе, у якой у адной звязцы працуюць выканкам, старасты, дэпутаты, арганізацыі і самі жыхары.

Ірына КАМАРОВА
Фота прадастаўлены Казлоўшчынскім сельвыканкамам

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga