У Новаяльнянскай сярэдняй школе падвялі вынікі работы пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.
У справаздачным сходзе пярвічкі, акрамя калектыву ўстановы, прынялі ўдзел старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Лэла Шпак і старшыня раённай арганізацыі Станіслаў Фабішэўскі.
Старшыня прафсаюзнага камітэта пярвічнай арганізацыі Святлана Навагран расказала аб прыярытэтных напрамках дзейнасці прафсаюза, выкананні калектыўнага дагавора за 2022 год, падняла пытанні заканадаўства аб працы, яе аплаты і рэгулявання, аховы, а таксама работы з моладдзю, аздараўлення і навучання прафсаюзных кадраў і актыву.
Адметна, што на справаздачным сходзе прысутнічалі і ветэраны адукацыі, якія таксама з’яўляюцца членамі прафсаюзнай арганізацыі і цікавяцца яе жыццём.
Гэты факт адзначыла ў сваім выступленні Лэла Шпак у час падвядзення вынікаў сустрэчы. Яна нагадала, як важна сёння работнікам адукацыі берагчы сваё здароўе і рэалізоўваць права на адпачынак, карыстацца прапановамі прафсаюзных санаторыяў, выдаткі на якія часткова кампенсуюцца за кошт прафсаюзнага камітэта і наймальніка.
– Педагог, прадстаўнік адказнай, напружанай, высакароднай прафесіі, як ніхто іншы, сёння мае права на адпачынак, – заўважыла Лэла Атараўна. – Задача прафсаюза – дапамагчы дастойна і даступна рэалізаваць яго.
Станіслаў Фабішэўскі засяродзіў увагу на тым, што дзейнасць прафсаюзных камітэтаў павінна заставацца празрыстай і публічнай, а лакальныя прафсаюзныя навіны – даступнымі для шырокага кола ў месенджарах і сацыяльных сетках.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga