Рашаючым і самым напружаным стаў фінальны матч з гомельскімі гульцамі, які дзятлаўчане завяршылі з лікам 1 : 1. Па выніках забітых і прапушчаных галоў “Алмаз” стаў чэмпіёнам рэспубліканскага этапу “Залатой шайбы”.
З яскравай перамогай гульцоў “Алмаза” павіншавала намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка:
– Дарагія нашы дзеці, мы разам з усёй Дзятлаўшчынай глядзелі кожную вашу гульню, перажывалі за вас. Вы паказалі валявы мужчынскі характар, моцны дух і выдатную камандную гульню. Мы ганарымся вамі!
Са словамі ўдзячнасці да сваёй каманды і балельшчыкаў звярнуліся трэнеры “Алмаза”.
— Мы вельмі ўдзячныя жыхарам нашага роднага горада і раёна, якія перажываюць за нашы перамогі, разам з намі засмучаюцца няўдачам. Наша сённяшняя перамога – адна на ўсіх, яна стала вялікай і важкай, дзякуючы вам, – звярнуўся да дзятлаўчан Аляксей Петрыкевіч. – Без людзей, якія шчыра хварэюць за гэты спорт, было б не так цікава ім займацца.
– Сёння нам вельмі хвалююча знаходзіцца тут і бачыць да сябе такую ўвагу. Мы адчувалі вашу падтрымку на працягу ўсіх гульняў чэмпіянату і самым важным для нас было апраўдаць вашы чаканні. Вельмі разлічваем, што такі значны вынік стане добрым стымулам для развіцця не толькі аматарскага хакея на Дзятлаўшчыне, але і іншых відаў спорту. Лічу, што практычна ў кожнай установе адукацыі нашага раёна знойдуцца свае зорачкі, якія папоўняць і ўзмоцняць наш “Алмаз”, будзе новае таленавітае пакаленне хакеістаў, — далучыўся да яго словаў Дзмітрый Ёда.
З заслужаным чэмпіёнствам юных хакеістаў павіншавалі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Міхаіл Барук, дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка. Яна ўручыла ўдзельнікам каманды “Алмаз” памятны фотаздымак з рэспубліканскіх спаборніцтваў.
Не менш прыемным падарункам для чэмпіёнаў стаў салодкі пачастунак, які разам з бацькамі падарыла юным гульцам раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.
– Сёння нас чакалі дзве няпростыя гульні, на апошнюю з гомельскімі “Вогненнымі рысямі” мы доўга настройваліся, бо разумелі, што з імі будзем спрачацца за лідарства. У фінале сапернік павёў з лікам 0 : 1, але мы змаглі сабрацца і рэалізаваць свой момант. Вельмі дапамагла падтрымка таварышаў па камандзе і парады трэнераў. Гэта апошні год, калі я выступаю на “Залатой шайбе”, таму для мяне асабліва важна было паставіць прыгожую кропку, і гэта атрымалася. Асобны дзякуй балельшчыкам за тое, што перажывалі за нас, і за такі цёплы прыём.
Разам з юнымі хакеістамі ў Мінск ездзілі іх блізкія, у ліку якіх Аксана Іванчык – матуля аднаго з самых малодшых гульцоў “Алмаза” Мацвея Іванчыка. Яна падзялілася сваімі эмоцыямі: