80 гадоў пражыў у родным аграгарадку Парэчча і амаль 40 з іх шчыра адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы наш зямляк Філіп Паўлоўскі.
За высокія дасягненні ў рабоце Філіп Сцяпанавіч неаднаразова адзначаны рознымі ўзнагародамі, сярод якіх дзяржаўны ордэн “Знак пашаны СССР”, знакі “Ударнік ХІ пяцігодкі”, “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва-1977”, значок “Ударнік камуністычнай працы”, нагрудны знак СССР “За поспехі ў народнай гаспадарцы”.
Павіншаваць гэтага паважанага і працавітага чалавека з юбілейным днём нараджэння ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” прыехалі артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Бакшук і Марына Варган, музычным суправаджэннем іх забяспечваў Іван Кашко. Шаноўнаму імянінніку зычылі моцнага здароўя, актыўнага даўгалецця, сямейнага дабрабыту, увагі і клопату родных людзей, бадзёрасці духу яшчэ на многія гады.
– Змалку зусім не бязвоблачным было маё жыццё, – прагартаў юбіляр старонкі сваёй біяграфіі. – Бацька памёр, пакінуўшы на руках маці траіх маленькіх дзяцей: мне, старэйшаму, тады споўнілася ўсяго сем гадоў, а малодшай сястрычцы – два тыдні ад нараджэння. Безумоўна, матулі было складана ставіць нас на ногі, а замуж яна другі раз так і не выйшла. Як старэйшы мужчына ў хаце, ужо ў гэтым узросце я пачаў пасвіць кароў у чужых людзей. Чатырнаццацігадовым падлеткам уладкаваўся рознарабочым у калгас, які раней насіў імя Сяргея Кірава, цяпер гэта КСУП “Хвінявічы”.
Яшчэ да арміі пасябраваў з прывабнай мясцовай дзяўчынай з прыгожым іменем Браніслава. Калі ж прыспеў час ісці служыць, ужо ведаў, што яна збіраецца дачакацца яго з арміі.
У 1963 годзе юнаку прыйшла павестка. Прызываўся ён у Ленінград, у школу малодшых афіцэраў. Праўда, скончыць яе Філіпу Паўлоўскаму так і не давялося: вельмі хутка навабранцаў накіравалі ў “маленькую камандзіроўку”. Маладыя салдаты нават не здагадваліся, што яна акажацца сакрэтнай і зацягнецца на доўгія тры гады (столькі на той час служылі ў арміі). Наш зямляк трапіў на Фінскую граніцу – Кольскі паўвостраў, які знаходзіцца на поўначы Расіі ў Мурманскай вобласці, большая частка тэрыторый –гэта Запаляр’е, адсюль і суровы клімат, калі нават летам нечакана можа выпасці снег. Аднак выпрабаваннем для савецкіх салдат было зусім не надвор’е, а напружаная абстаноўка на прыгранічных тэрыторыях, таму ўвесь час службы, як прызнаецца Філіп Сцяпанавіч, хлопцам трэба было быць напагатове. Суровыя мясціны не любілі слабых духам людзей. Затое моцным тут было салдацкае братэрства, калі юнакі з розных куткоў Савецкага Саюза сябравалі, падтрымлівалі адзін аднаго, ва ўсім дапамагалі. Плюсам службы для беларуса Філіпа таксама стала атрыманне спецыяльнасці зваршчыка з наступным удасканаленнем прафесійных навыкаў за кошт армейскіх заданняў.
Дзякуючы новай спецыяльнасці на малой радзіме ён змог уладкавацца на машынна-трактарную станцыю ў Міроўшчыну, дзе атрымаў яшчэ і пасведчанне трактарыста.
Дачакалася свайго каханага і Браніслава Рыгораўна – праз месяц яны згулялі вяселле, дабудавалі дом, дзе жывуць і па сённяшні дзень. Паступова жыццё наладжвалася, трымалі вялікую гаспадарку. Каб для дамашніх жывёл было сена і кармы, Філіп Сцяпанавіч перайшоў працаваць механізатарам у калгас.
Умела і старанна вадзіў трактар і камбайн, у сезон шчыраваў на палетках ад цямна да цямна, быў сапраўдным воінам хлебных палёў, якому ў ногі кланяліся важкія каласы. За шчырую ўдарную працу ў гаспадарцы Філіпа Паўлоўскага шанавалі і паважалі, яго імя амаль не сыходзіла з Дошкі гонару, неаднаразова ўмелага механізатара адзначалі не толькі заслужанымі ўзнагародамі, але і пуцёўкамі на адпачынак у санаторыі, была нават турыстычная – у Ленінград.
Так непрыкметна, сезон за сезонам, на калгасных палях праляцелі амаль 40 працоўных гадоў. З утульнага “бацькоўскага гнязда” ў вялікае жыццё годнымі людзьмі пайшлі сын і дачка, бабулю і дзядулю сёння радуюць трое ўнукаў, падрастае паўтарагадавалы праўнучак – любімец сям’і.
Філіп і Браніслава Паўлоўскія не абдзелены ўвагай родных людзей і землякоў, а таму і юбілейны дзень нараджэння гаспадара быў багаты на цёплыя віншаванні, добрыя пажаданні і візіты гасцей. Год назад сямейная пара Паўлоўскіх адсвяткавала смарагдавае вяселле і ўпэўнена набліжаецца да брыльянтавага юбілею сумеснага жыцця, шануючы і падтрымліваючы адзін аднаго.
Як прызнаецца Філіп Сцяпанавіч, спрыяльная сямейная атмасфера – гэта адзін са складальнікаў формулы яго даўгалецця, яшчэ сярод яе “інгрэдыентаў” – добразычлівыя адносіны да людзей і працавітасць. У свае паважаныя 80 гадоў наш зямляк стараецца не здаваць пазіцый, не спяшаючыся, працуе па гаспадарцы, разам з жонкай яшчэ трымае казу і курэй, садзіць агарод.
Сучаснай моладзі са свайго жыццёвага вопыту Філіп Паўлоўскі раіць нястомна радавацца жыццю, бо цяпер яно сапраўды шчаслівае і шчодрае на выгоды, не тое што ў часы яго маладосці, а таксама берагчы ўсё, што маем, каб не страціць і не шкадаваць аб гэтым. Не шукаць свайго шчасця далёка, бо яно побач – у сэрцы чалавека і на яго роднай зямлі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga