Хатынь: сімвал вечнай памяці і смутку (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшоў час памяці “Хатынь: сімвал вечнай памяці і смутку” да 80-годдзя з дня Хатынскай трагедыі.

Ёсць у гісторыі краіны падзеі, над якімі не ўладны ні час, ні чалавек, ні паўсядзённая мітусня. Пройдуць гады, але памяць людская назаўсёды захавае подзвіг. Бо памяць – гэта адзінае, што застаецца з намі, і чым мы можам аддзячыць тых, хто не вярнуўся з вайны і загінуў у гады ваеннага ліхалецця.

Сусветная гісторыя не ведае прыкладаў такога мэтанакіраванага генацыда, які давялося перажыць ў гады Вялікай Айчыннай вайны жыхарам нашай роднай краіны, калі цэлым народам было прадпісана знішчэнне, гарады сціраліся з твару зямлі і вёскі спальваліся дашчэнту разам з людзьмі.

У гэтым годзе спаўняецца 80 год з дня трагедыі ў Хатыні. Назва гэтай беларускай вёскі значылася некалі толькі на картах-дзесяцівёрстках і , акрамя жыхароў суседніх вёсак, мала каму была вядома.

Сёння Хатынь ведаюць ва ўсім свеце, само слова “Хатынь” стукае попелам у сэрцах мільёнаў людзей. Хатынь стала сімвалам бязмерных выпрабаванняў беларусаў, з’яўляецца ўвасабленнем некалькіх сотняў беларускіх вёсак, знішчаных ў гады вайны разам з іх жыхарамі.

Хатынь – гэта суровая народная памяць. Хатынь – гэта бязмерны людскі смутак …

Сонечны сакавіцкі дзень 22 сакавіка 1943 года стаў апошнім для Хатыні. Атрад  фашыстаў раптам уварваўся  ў вёску і акружыў яе. Жыхары вёскі не ведалі, што раніцай за шэсць кіламетраў ад Хатыні  партызаны абстралялі нямецкую аўтакалону і ў выніку нападу загінуў нямецкі афіцэр. Помсцячы партызанам, фашысты вынеслі смертны прысуд мірным жыхарам вёскі. Усё насельніцтва: старых, хворых,  жанчын і дзяцей, выгналі з хат, зачынілі ў калгаснай адрыне, абклалі будынак  саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Драўляныя сцены загарэліся імгненна. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці, а дарослыя стараліся выратаваць іх.  Пад напорам дзясяткаў чалавечых цел дзверы не вытрымалі і паваліліся. У падпаленым адзенні, ахопленыя жахам людзі кінуліся наўцёкі. Тых, хто вырываўся з полымя, фашысты расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. У агні жыўцом згарэлі 149 жыхароў вёскі Хатынь, з іх 75 дзяцей да 16-гадовага ўзросту. Вёска ( 26 двароў) была разрабавана і спалена.3 усіх жыхароў Хатыні выратаваліся 6 дзяцей і 1 дарослы — 56-гадовы Іосіф Камінскі, які знайшоў сярод знішчаных аднавяскоўцаў параненага ў жывот сына. Хлопчык памёр у бацькі на руках.Гэты трагічны момант з жыцця Іосіфа Камінскага пакладзены ў аснову адзінай скульптуры мемарыяльнага комплекса «Хатынь”- “Непакораны чалавек”.

Да сённяшняга  часу “Хатынскі спіс” уключаў ў сябе 186 населенных пунктаў. Распараджэннем Прэм’ер-міністра РБ ад 1 снежня 2022 года №409р створана часовая міжведамственная рабочая група па вывучэнню звестак, атрыманых пад час расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.Рабочая група прыйшла да наступных вывадаў: дапоўніць “Хатынскі спіс” 30 населеннымі пунктамі і лічыць іх агульную колькасць не меньш 216.

Сёння кожны беларус ведае пра хатынскую трагедыю. Аднак такія трагедыі ў час вайны здарыліся амаль у кожным раёне нашай краіны.

Наш раён таксама не абышла жудасная трагедыя. Па звесткам з кнігі “Памяць.Дзятлаўскі раён” у раёне было знішчана  23 населеныя пункты, з іх 7 цалкам:  Дубраўка, Гарадкі, Вялікая Воля, Дубароўшчына, Малая Воля, Трахімавічы, Пушча Ліпічанская.

МалаяВоля: трагедыя адбылася 15 снежня 1942  года; знішчана 58 двароў, загінула 28 чалавек; пасля вайны вёска адноўлена.

Трахімавічы: трагедыя адбылася 15 снежня 1942 года; знішчана22 двары, загінулі 142 чалавекі; пасля вайны вёска адноўлена.

Дубраўка: трагедыя адбылася ў жніўні 1942 года; знішчана 54 двары, загінулі 99 чалавек; пасля вайны вёска адноўлена.

Гарадкі: трагедыя адбылася 16 снежня 1942 года; знішчана 48 двароў, загінула 367 чалавек; пасля вайны вёска адноўлена.

Вялікая Воля: трагедыя адбылася 16 снежня 1942 года; знішчана 104 двары, загінулі 364 чалавекі; пасля вайны вёска адноўлена.

Дубароўшчына: трагедыя адбылася 17 снежня 1942 года; знішчана 23 двары, загінулі 37 чалавек; пасля вайны вёска адноўлена.

Пушча Ліпічанская: трагедыя адбылася 17 снежня 1942 года; знішчана 106 двароў, загінула 109 чалавек; пасля вайны вёска адноўлена.

Нам здаецца, навучэнцы 6 “В” класа Сярэдняй школы №3  г.Дзятлава  яшчэ раз для сябе, сёння, у музеі прыадчынілі адну з самых трагічных старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, зразумелі, якой цаной заваявана шчасце і мір на зямлі. На мерапрыемстве праглядзелі дакументальны фільм “І будзе жыць Хатынь”.

Вольга ЦЮШЛЯЕВА,
дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga