Хатынь – сімвал вечнай памяці і смутку беларускага народа

Галоўнае Грамадства

Вялікая Айчынная вайна пакінула беларускаму народу цяжкую спадчыну – памяць аб страшных трагедыях людзей, якія сталі сведкамі і ахвярамі жахлівых злачынстваў фашызму.

Мы ніколі не змірымся з болем бацькоў, на вачах якіх паміралі дзеці. Нам ніколі не забыць страху і бездапаможнасці дзіцяці, якое шукае абароны ў дарослага і не разумее, за што ў яго забіраюць жыццё. Немагчыма дараваць гора бацькі, які выжыў, але страціў свайго сына, слёзы хлопчыка, які знайшоў выратаванне пад целам забітай маці.

Успамінаючы Хатынь, мы ўспамінаем тысячы па-зверску знішчаных вёсак. Аплакваючы ахвяр жудасных падзей, аплакваем кожнага трэцяга жыхара Беларусі, які загінуў у час Другой сусветнай вайны. Гэты боль назаўжды застанецца ў нашых сэрцах як памяць аб жорсткіх злачынствах супраць чалавечнасці. І няма ім апраўдання.

Занадта дарагой цаной дасталася свабода роднай зямлі нашаму народу. Гістарычную памяць аб страшных гадах мы беражліва захаваем і перададзім дзецям як імунітэт супраць любой ваеннай агрэсіі і нацыяналістычнай варожасці, як разуменне таго, што нішто на свеце не варта адабранага чалавечага жыцця. Мы, беларусы, носьбіты геннай памяці нечалавечых пакут народа, які выстаяў у Вялікай Айчыннай вайне, кажам усім: “Няхай журботныя званы Хатыні гучаць і засцерагаюць ад паўтарэння страшнай трагедыі. Няхай іх металічны плач данясецца да куткоў зямлі, дзе сёння забыліся пра тое, што жыццё – вышэйшы дар, а мір – самая вялікая каштоўнасць. Мы павінны гэта памятаць заўсёды!”

Такія пранікнёныя, кранальныя словы прагучалі ў звароце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народа з нагоды гадавіны хатынскай трагедыі. 433 вёскі, знішчаныя разам з жыхарамі, здолелі адрадзіцца пасля вайны. Іх назвы ўшанаваны на сімвалічных “дрэвах жыцця”. Яны нібыта прарастаюць з зямлі, толькі замест галінак і лісця – назвы вёсак. А за імі як сімвал вечнага адраджэння жыцця і неўміручасці нашага народа – застылы ў бетоне зруб дома, які пачынаюць будаваць. Няма ў Беларусі такой сям’і, якую б не закранула вайна. Кожны, хто загінуў, камусьці быў бацькам ці маці, мужам або жонкай, сынам ці дачкой, братам ці сястрой.

Самая крывавая вайна XX стагоддзя забрала ў нас 2 мільёны 230 тысяч чалавек – кожнага трэцяга жыхара Беларусі. І мы не павінны ніколі забываць пра гэта. За гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна фашысты знішчылі 23 населеныя пункты, з іх 7 – цалкам: Вялікая Воля, Малая Воля, Трахімавічы, Ліпічанская Пушча, Дубраўка, Гарадкі, Дубароўшчына. Пасля карных аперацый сельскае насельніцтва раёна зменшылася на чвэрць. Мы павінны і абавязаны перадаць гэту памяць нашчадкам, каб падобныя трагедыі больш не паўтарыліся. І ў рамках крымінальнай справы, якая расследуецца Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па генацыдзе беларускага народа, мы будзем даводзіць да ўсёй міжнароднай грамадскасці факты тых злачынстваў, якія здзейснілі нямецка-фашысцкія захопнікі і іх памагатыя на беларускай зямлі.

Віталій ЮРГО,
пракурор Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga