Штогод у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы для чытачоў арганізуецца Дзень праваслаўнай кнігі.
У гэтым годзе сустрэча была прымеркавана 1035-годдзя Хрышчэння Русі.
На мерапрыемства быў запрошаны благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі айцец Іаан.
На працягу сустрэчы размова ішла аб духоўных і гістарычных аспектах Хрышчэння Русі, подзвігу вялікага князя Уладзіміра, які з грубага і жорсткага язычніка прыняўшы Святое Хрышчэнне, стаў сапраўдным хрысціянінам, выкараняў паганства і хрысціў народ. Шмат пацярпеў ён ад свайго народа, але стварыў з Божай дапамогай галоўнае – Русь хрышчоную.
Ішла гаворка і пра праваслаўныя кнігі, якія з’яўляюцца вялікім дарам чалавеку ад Бога, бо яны настройваюць чалавека на выратаванне душы і паказваюць шляхі духоўнага ўдасканалення. Гэта тыя кнігі, якія вучаць міласэрнасці, спагадзе, любові да Бога і бліжняга. Чытачы бібліятэкі змаглі не толькі пазнаёміцца з арыгінальнымі царкоўнымі кнігамі, такімі як Святое Евангелле, Біблія, Трэбнік, Апостал, але дакрануцца да іх і прачытаць тэкст з дапамогай айца Іаана.
Супрацоўнікі бібліятэкі напомнілі і пра мастацкую літаратуру, якая была прадстаўлена на выставе “Русь святая, храни веру православную”. Гэта кнігі, якія заснаваны на хрысціянскай маралі і дапамагаюць зрабіць яшчэ адзін крок да дабра, бо ад таго, якія кнігі мы будзем чытаць, залежаць нашы думкі і такімі ж будуць нашы ўчынкі, такім будзе і наша будучыня.
Таксама падчас мерапрыемства прагучала песня ў выкананні бібліятэкара Інгі Лаўрэнюк на вершы Міхаіла Лермантава “Малітва”. У фае бібліятэкі працаваў праваслаўны кірмаш, дзе можна было набыць духоўную літаратуру, абразы, вырабы ручной работы, сувеніры, замовіць службу ў царкве.
Айцец Іаан падзякаваў дырэктару бібліятэкі Вользе Бойка за плённую сустрэчу, за падтрымку цікавасці да друкаванага слова, якое прымушае думаць і выхоўвае душу, і на памяць падарыў незвычайны каляндар у выглядзе будынка праваслаўнага храма.
Алена ЯКАЎЧЫК,
бібліятэкар аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Дзятлаўскай раённай бібліятэкі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga