Тэма
Субсідыя дапамагае адкрыць сваю справу.
Факт: стаміўшыся ад сталічнага жыцця, маладая сям’я Дзмітрыя Буцько вырашыла вярнуцца на малую радзіму, дзе на ўлонні маляўнічай прыроды прайшло шчаслівае дзяцінства.
Пасля пераезду, вядома ж, паўстала пытанне працаўладкавання. Па дапамогу гаспадар сямейства звярнуўся ў аддзел па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама.
Спецыялісты азнаёмілі яго з прыдатнымі вакансіямі, а таксама расказалі аб магчымасці атрымання дзяржаўнай падтрымкі для арганізацыі ўласнай справы.
З улікам стажу і вопыту ранейшай работы Дзмітрыю было нескладана вызначыцца з відам дзейнасці, якою ён зоймецца ўжо ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Паспяхова наш зямляк прайшоў 5-дзённыя курсы “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”, склаў уласны бізнес-план, таксама неабходны для атрымання дзяржаўнай падтрымкі, і абараніў яго перад камісіяй па выдзяленні субсідыі.
Намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік:
– Для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці на падставе рашэння камісіі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрыю Буцько была выдзелена субсідыя ў памеры 15-кратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.
Атрымаўшы грошы, на працягу 3-х месяцаў пасля адкрыцця прадпрымальніцкай дзейнасці ўладальнік новага бізнесу ажыццявіў справаздачу перад аддзелам па працы і занятасці, на што ён патраціў дзяржаўныя грошы.
Адзначу, што субсідыю можна выкарыстаць на пакупку неабходнага абсталявання, інструментаў, сыравіны, матэрыялаў для ўласнай справы, і наш зямляк гэтыя патрабаванні выканаў.
Варта ведаць і яшчэ адзін важны нюанс: калі вы ўжо атрымлівалі субсідыю або закрылі іншы свой бізнес менш за год таму, то на субсідыю разлічваць не можаце.
Даведка: умовы выдзялення стартавага капіталу ў Рэспубліцы Беларусь застаюцца ранейшымі.
Галоўная з іх: атрымаць субсідыю (яе вяртаць не трэба!) могуць толькі грамадзяне, зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных у аддзеле па працы і занятасці.
Субсідыя прадастаўляецца беспрацоўным, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, калі яны на працягу аднаго месяца з дня рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных не змаглі працаўладкавацца на прыдатную работу або зарэгістраваліся ў якасці беспрацоўных пасля праходжання прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі ці навучальнага курса “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці” і пры гэтым выконвалі ўсе абавязкі беспрацоўнага.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga