Ушанавалі памяць святога Яна Боско, памаліліся за моладзь

Важнае Грамадства

Святую Імшу, прысвечаную Яну Боско, – заснавальніку супольнасці салезіянаў адслужылі ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве.

Як кожная сям’я мае свае традыцыі, якія ахопліваюць розныя сферы жыцця, так цэлае суквецце іх ёсць у Каталіцкім Касцёле, дзе асаблівае месца займаюць традыцыі розных манаскіх супольнасцяў. Салезіяне прапануюць сваю духоўнасць і асаблівы шлях дасягнення святасці ў жыцці – пражываць яго ў духу святой радасці, якая вынікае з адчування добра выкананых абавязкаў і чыстага сумлення. Святы Ян Боско і быў заснавальнікам Таварыства святога Францішка Сальскага. З прапановай такога духоўнага шляху ён выходзіў да маладых людзей, асабліва да пакінутых, занядбаных духоўна, якія страцілі сэнс жыцця. Ён з вуліцы збіраў дзяцей, дапамагаў ім, вучыў веры і расказваў пра Хрыста.

Святы скончыў свой зямны шлях і нарадзіўся для Неба 31 студзеня 1888 года. Ён ушаноўваецца як апякун і настаўнік моладзі, каталіцкіх выхаваўчых установаў, рэдактараў і кнігавыдавецкай справы.

– Сёння святы Ян Боско выходзіць нам насустрач, і ўсе, хто мае дзяцей і ўнукаў павінны задумацца, у чым яны маюць патрэбу, як выхоўваюцца, ці ходзяць да храма, ці моляцца, ці вераць у Бога, – звярнуўся да вернікаў ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула. – Ян Боско выхоўваў моладзь, а яна слухала яго як айца. У час імшы мы дзякуем святому за яго апеку і просім заступніцтва і дапамогі, молімся да Бога за моладзь, за кожнага чалавека, за мір і спакой на Зямлі, за здароўе людзей.

Ксёндз Здзіслаў нагадаў прысутным, што жыцці святых, а таксама Хрыста і Маці Божай былі напоўнены выпрабаваннямі, а таму сапраўдныя хрысціяне не павінны баяцца цяжкасцяў і іспытаў, годна праходзіць праз іх. Прысутныя памаліліся за жывых і памерлых, падзякавалі Богу за ўсё добрае, што маем.

У гэты ж дзень, апякункай якога з’яўляецца святая мучаніца Агата, былі асвечаны для вернікаў хлеб, соль і вада, якія засцерагаюць людзей і іх дамы ад пажару і іншых няшчасцяў і непрыемных здарэнняў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga