Напярэдадні 105-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Дня абаронцаў Айчыны ва ўстановах раёна прайшоў шэраг мерапрыемстваў.
У Круцілавіцкай сярэдняй школе адбылася сустрэча вучняў 8-10 класаў з падпалкоўнікам у адстаўцы Аляксандрам Камаровым. Аляксандр Уладзіміравіч расказаў аб некаторых падзеях Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна, перапахаваннях астанкаў салдат, пошукавых работах. Пагутарылі таксама і аб вайсковай службе, армейскіх буднях, што значыць салдацкая згуртаванасць, калі ты ўпэўнены, што сябар прыкрые цябе за спінай. На пытанне, ці абавязкова сёння служыць у войску, ён адказаў: “Вайсковая служба прывучае да адказнасці не толькі за сябе і свае ўчынкі, але і за тваіх падначаленых, за ўсіх, хто побач з табой. А воінскае сяброўства – гэта на доўгія гады.” Даведаліся і аб навучальных установах, дзе рыхтуюць будучых афіцэраў.
У Таркачоўскі дзіцячы сад у госці запрасілі Андрэя Кардаша, які праходзіць службу ў пагранічных войсках. На гэтай сустрэчы выхаванцы даведаліся пра салдацкія будні, баявое братэрства, разгледзелі форму, вайсковыя фотакарткі. Уважліва слухалі і цікавыя армейскія расказы, задавалі пытанні. Дзецям хацелася ведаць усё: чым займаюцца вайскоўцы, як іх кормяць, ці служаць у войску дзяўчынкі.
Для навучэнцаў 10 класа сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава прайшоў урок выдатнай асобы “Святыя воіны праваслаўныя”, на якім прысутнічаў іерэй Алексій Сцепановіч сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай. Дзесяцікласнікі дзяліліся ведамі аб святых абаронцах зямлі Рускай: Ільі Мурамцу, Аляксандру Неўскім, Дзмітрыю Данскім, Аляксандру Сувораву, Фёдару Ушакову. Айцец Алексій расказаў, за якія заслугі царква прылічае воінаў-абаронцаў да святых. Важна тое, што ўсе яны прысвяцілі сваё жыццё абароне і служэнню Айчыне.
У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы ладзілася сустрэча “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць!”. На яе запрасілі намесніка ваеннага камісара, начальніка мабілізацыйнай групы ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Аляксандра Бургуна і вучняў 7 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава разам з класным кіраўніком Аленай Радомскай.
Падчас сустрэчы Аляксандр Аляксандравіч расказаў слухачам аб усіх відах вайсковай службы, як атрымаць прафесію ваеннага, якімі якасцямі павінен валодаць будучы афіцэр. Другая частка сустрэчы была прысвечана генацыду беларускага народа. Бібліятэкары пазнаёмілі ўдзельнікаў сустрэчы са страшнымі фактамі знішчэння беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны падчас наведвання выставы “І помніць страшна, і забыць нельга”. Бібліёграф прапанавала новыя кнігі па генацыдзе, якія паступілі ў бібліятэку.
Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga