Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Давер не апраўдала

Важнае Грамадства

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама было прынята рашэнне аб прызнанні двух непаўналетніх дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Спакойна жылося нядоўга

Члены камісіі з праблемнай сям’ёй “знаёмы” з 2019 года, калі ў сацыяльна ненадзейным становішчы быў прызнаны старэйшы сын жанчыны, 2016 года нараджэння, а ў 2020 годзе нарадзілася яшчэ і дачка.

Сітуацыя больш-менш стабілізавалася, калі біялагічнага бацьку дзяўчынкі накіравалі ў лячэбна-працоўны прафілакторый, а жанчыне выдзелілі арэнднае жыллё ў іншым населеным пункце Дзятлаўшчыны. Там яна паспела наладзіць побыт, сустрэць дастойнага чалавека, працаўладкавацца, праўда, да работы і ў лепшыя часы асаблівага старання не праяўляла. Тым не менш, стараннямі сужыцеля і мясцовых службаў прафілактыкі сям’я жыла спакойна, дзеці былі дагледжаны.

На жаль, клопаты і ўвагу да сябе жанчына не ацаніла. Апошнім часам пачала ўсё часцей пакідаць маленькіх сына і дачку на сужыцеля, а сама накіроўвалася ў вандроўкі па раёне і за яго межы. Некалькі разоў сыходзіла з дому, каб сустрэцца з біялагічным бацькам дзяўчынкі, які вярнуўся з ЛПП, здаралася, прыходзіла дамоў нецвярозая. Каб “не псаваць” рэпутацыю гора-маці, яе новы абраннік нават хлусіў, калі ў яго цікавіліся ў дзіцячым садзе, чаму зноў прыходзіць туды сам.

У рэшце рэшт паводзіны жанчыны прывялі яе да новага канфлікту з былым мужам, пасля якога суб’екты прафілактыкі больш уважліва пачалі сачыць за развіццём сітуацыі ў сям’і. Дарослых выклікалі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, бацькоў папярэдзілі, што ўжо пачаты збор дакументаў на прызнанне дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Тым не менш, маці гэта не спыніла. У хуткім часе яна “ўмудрылася” застацца яшчэ і без работы. Не дзіўна, што на чарговым пасяджэнні камісіі рашэнне аб адабранні дзяцей было прынята. Прычым да апошняй секунды самую вялікую цікавасць да іх лёсаў праяўлялі не біялагічныя бацькі, а педагогі і сужыцель жанчыны, які ўвесь гэты час клапаціўся аб непаўналетніх, як аб родных сыне і дачцэ.

Цяпер жанчына стала абавязанай асобай, а гэта значыць, што ёй давядзецца працаўладкавацца і не дапускаць прагулаў, у адваротным выпадку справа можа дайсці нават да крымінальнай адказнасці. Ці хопіць у маці любові, сумлення і адказнасці, каб вярнуць сваіх дзяцей – пакажа час. Пакуль што агульны давер яна не апраўдала.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga