І працаваць, і прыгажосць ствараць

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Нялёгкі жыццёвы шлях да сваіх шаноўных 80-і гадоў прайшла Марыя Сіняк, наша паважаная зямлячка з вёскі Сверплевічы.

У дзень юбілею ў рамках раённага праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізуе сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, да Марыі Віктараўны з самымі цёплымі віншаваннямі завіталі артысты Ганна Харлінская, Ірына Бакшук, Іван Кашко.

Імянінніцы было прыемна атрымаць у падарунак “жывую музычную паштоўку” з вясёлымі і бадзёрымі песнямі, якія нагадалі пра самыя запамінальныя і шчаслівыя падзеі жыцця. Моцнага здароўя, светлых сонечных дзён, невычэрпнай энергіі, бадзёрасці духу, клапатлівай увагі родных людзей, цеплыні і ўтульнасці, добрых вестак у хату, спаўнення жаданняў, актыўнага даўгалецця, якое дазволіць сустрэць яшчэ і 100-гадовы юбілей, зычылі Марыі Віктараўне яе госці.

Жыццё ніколі не песціла нашу зямлячку, нямала выпрабаванняў на яе долю паслаў зменлівы лёс, тым не менш Марыя Сіняк умее цаніць прыгажосць і да гэтай пары стварае яе ўласнымі рукамі. Здаецца, з малаком маці гэта сціплая вясковая жанчына ўпітала ўменне ткаць адметныя ўзоры, вышываць яркія кветкі, вязаць мяккія цёплыя швэдры і шкарпэткі, рознакаляровыя дэкаратыўныя падушкі, каб саграваць жыццё родных людзей такімі простымі і ўсё ж важнымі і мілымі для кожнага рэчамі.

Адкуль прыйшло гэта майстэрства? Марыя Віктараўна і сама сёння не можа дакладна адказаць на такое пытанне. З дзяцінства яна назірала, як працуе матуля, вясковыя жанчыны і дзяўчаты, так і пераняла ад іх карыснае рамяство, характэрнае для беларускай глыбінкі.

Яго пранесла праз усё жыццё, таму сёння інтэр’ер яе хаты аздабляюць яркія саматканыя пакрывалы, дзе паміж рознакаляровымі дарожкамі-палосамі і арнаментамі распускаюцца кветкі. Шмат іх красуе і на вышываных гаспадыняй ручніках. Гэта званочкі, ружы, півоні насычаных сакавітых колераў, вышытыя гладдзю руплівымі працавітымі рукамі Марыі Віктараўны ў вольную ад асноўнай работы і клопатаў па гаспадарцы часіну.

Колькі было гэтай цяжкай сялянскай работы, ужо і не падлічыць. Нарадзілася Марыя на хутары недалёка ад вёскі Сверплевічы ў ліхім 1943 годзе, калі ішла Вялікая Айчынная вайна і Дзятлаўшчына была акупіравана фашыстамі. Ваенных падзей доўгажыхарка, вядома ж, не памятае, бо была маленькай, але добра запомніла, як складана жылося бацькам з чатырма дзецьмі ў пасляваенны час. Старанна працаваць даводзілася і дарослым, і малым, таму Марыя скончыла ўсяго чатыры класы, шмат дапамагала па гаспадарцы, затым пайшла ў калгас. Там і пазнаёмілася з будучым мужам Леанідам Васільевічам.

Разам яны выгадавалі сына і дзвюх дачок. Хаця побач ужо амаль два дзесяцігоддзі няма роднага чалавека, бабулю радуюць шасцёра ўнукаў і праўнук. Цяпер будні Марыі Віктараўны праходзяць за няхітрай хатняй работай і вязаннем, якое дапамагае не толькі з задавальненнем бавіць час, але і падрыхтаваць цёплыя жаданыя абноўкі для блізкіх.

На пытанне гасцей, ці не з’яўляецца карыснае захапленне яе асабістым сакрэтам даўгалецця, Марыя Сіняк упэўнена адказвае, што кожнаму чалавеку яго час на Зямлі адводзіць Бог.

З задавальненнем юбілярка паразважала і наконт ранейшых традыцый харчавання, узгадала даўнейшыя сялянскія “далікатэсы”, сярод якіх частымі былі каша з сачавіцы, якую вырошчвалі на ўласным агародзе, многімі любімая бульба, “томленая” ў печы, прыгатаваныя ў сагане супы.

У сваіх традыцыйных пажаданнях для моладзі Марыя Сіняк заклікала сучаснае пакаленне жыць у міры, згодзе і радасці, шанаваць адзін аднаго, быць дастойным прыкладам для малодшых, берагчы здароўе і таксама дажыць да шаноўнага ўзросту.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: