У рамках рэспубліканскай акцыі “Сустрэча на ўсе 100!” і закрыцця тэматычнай раённай трохдзёнкі “Юныя героі вайны ў нашых сэрцах”, прымеркаванай да Міжнароднага дня юнага героя-антыфашыста і Года міру і стварэння, у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбыўся ўрачысты прыём школьнікаў у рады ГА “БРПА”.
У гэты дзень дванаццаці навучэнцам гімназіі № 1 горада Дзятлава ўпершыню павязалі піянерскія гальштукі.
Старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка павіншавала прысутных з важнай у іх жыцці падзеяй і заўважыла, што, хоць мяняюцца часы і пакаленні, прынцыпы патрыятызму, сумлення і дапамогі, на якіх трымаецца піянерскі рух, застаюцца непарушнымі.
– Піянер – гэта той, хто бескарысліва дапамагае людзям, нашай прыродзе, Радзіме. Ён імкнецца быць сапраўдным сябрам, стараецца здзяйсняць добрыя ўчынкі, каб зрабіць жыццё сваіх блізкіх і землякоў лепшым, дабрэйшым. Піянер шануе сваё добрае імя, гонар арганізацыі. Слова піянера не разыходзіцца са справай: ён дапамагае ўсім, каму патрэбна падтрымка, – адзначыла Ірына Анатольеўна.
У зале, прысвечанай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, будучыя піянеры прынеслі ўрачыстае абяцанне сваёй Радзіме і арганізацыі. Піянерскі гальштук, сімвал сувязі трох пакаленняў (дзядоў, бацькоў і дзяцей), гімназістам павязалі госці ўрачыстасці: дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева, галоўны захавальнік фондаў музея Ірына Якаўчык, спецыяліст райкама ГА “БРСМ” Наталля Маркава, ветэран піянерскага і камсамольскага руху Валянціна Ерамейчык.
Валянціна Пятроўна павіншавала школьнікаў з уступленнем у піянеры і падзялілася ўспамінамі пра савецкае піянерскае юнацтва.
Сустрэча завяршылася экскурсіяй, у час якой гімназісты даведаліся пра лёс сваіх равеснікаў – “дзяцей ліхалецця”, якія сустрэлі Вялікую Айчынную вайну ў летнім лагеры ў гарпасёлку Наваельня.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga