Асцярожна, махляры ў Viber

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Усё менш спрацоўваюць званкі “банкаўскіх работнікаў” ці “супрацоўнікаў праваахоўных органаў”, якім нібыта патрэбна садзейнічанне трымальнікаў банкаўскіх картак, каб “злавіць” злачынцаў.

Людзі разумеюць, што, калі на месенджар тэлефануе замежны нумар, то ёсць падвох. Таму махляры перайначылі старую схему на новы лад, і цяпер неабходна быць яшчэ больш абачлівымі, бо званкі могуць паступаць і з беларускіх нумароў.

Здавалася б, калі нумар беларускі, то і зламысніка вельмі лёгка знайсці, бо афармляецца ён у аператара толькі пры прад’яўленні пашпарта. Аднак не ўсё так проста, бо злачынцы не збіраюцца “падстаўляцца” і выбралі новы тэхнічны ход. Які – патлумачым на прыкладзе.

Карыстальніку ў Viber прыходзіць паведамленне ад “адміністрацыі” месенджара, маўляў, на яго паступаюць скаргі і акаунт трэба абараніць, для чаго неабходна перайсці па падмацаванай да паведамлення спасылцы або прадаставіць таму, хто тэлефануе, атрыманы SMS-код. Чалавек “клікае” і тым самым дае зламысніку доступ да свайго ўліковага запісу ў Viber. Затым злачынца блакіруе ўліковы запіс на тэлефоне ахвяры, а сам тым часам тэлефануе людзям з “новага”, атрыманага падманным шляхам нумара – цуд тэхнічных магчымасцяў.

Яшчэ сярод падобных выпадкаў вельмі распаўсюджана схема з “раздачай бонусаў” ад нібыта магазіна “21 vek”. Карыстальнікам прапаноўваюцца бонусы ці купоны на суму да 50 рублёў, для атрымання якіх неабходна перайсці па спасылцы і ўвесці свой абаненцкі нумар. Затым на мабільны тэлефон прыходзіць SMS-код, які таксама неабходна ўвесці па спасылцы ці назваць “работніку” магазіна “21 vek”. Пасля гэтага ўліковы запіс месенджара Viber становіцца недаступным для ўладальніка, затое даступным для махляра, які яго выкарыстоўвае для сваіх злачынных дзеянняў: застаецца невядомым для праваахоўнікаў і прытупляе асцярожнасць сваіх будучых ахвяр.

Што ж рабіць, калі ваш уліковы запіс у Viber скралі?

Супрацьстаяць махляру можна. Каб спыніць яму доступ да вашага акаўнта, трэба “прайсці” наступны шлях:

– уліковы запіс;

– камп’ютары і планшэты;

– дэактывізіраваць дадзенае прыстасаванне.

Такі спосаб дазваляе ў любы час адключыць злачынцу ад свайго Viber.

Таксама неабходна ўзмацніць абарону свайго ўліковага запісу, усталяваўшы двухэтапную праверку і аўтаправерку на спам. Для гэтага ў настройках месенджара неабходна прайсці такі шлях:

– канфідэнцыяльнасць;

– двухэтапная праверка (устанавіць пін-код для абароны ўліковага запісу) ;

– аўтаправерка на спам (укл. дазволіць Viber правяраць паведамленні ад невядомых карыстальнікаў на спам).

“Рэцэпты” супрацьдзеяння інтэрнэт-злодзеям таксама дастаткова простыя:

– не пераходзьце па прапанаваных сумніўных спасылках, а калі перайшлі – не дазваляйце доступ да свайго акаўнта;

– адразу спыняйце тэлефонную размову, калі гаворка заходзіць пра вашы банкаўскія карткі ці падазроныя аперацыі з грашыма (калі сумняваецеся, патэлефануйце потым у свой банк);

– нікому не паведамляйце і не перадавайце ўнікальныя SMS-коды, якія паступілі на ваш тэлефон;

– не ўстанаўлівайце на тэлефон дадаткі па патрабаванні старонніх асобаў.

Дзяніс АЎРАМЕНКАЎ,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga