Падарыць хвіліны радасці жыхарам горада Дзятлава шаноўнага ўзросту і тым, хто мае асаблівую патрэбу ў клопаце і дабрыні, у светлыя дні Хрышчэння Гасподня вырашыла кіраўніцтва Дзятлаўскага РУП ЖКГ.
З салодкімі падарункамі, шчырымі пажаданнямі здароўя, бадзёрасці духу і добрага настрою да сваіх адрасатаў накіраваліся дырэктар камунгаса Васіль Пяцюк, яго намеснік Віктар Дзедуль, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык і спецыяліст па сацыяльнай рабоце Інэса Стырнік.
– Радуе, што ўсё яшчэ ёсць жадаючыя дапамагаць пажылым землякам і людзям, якія маюць патрэбу ў старонняй падтрымцы, дарыць ім падарункі і сваю ўвагу, – расказала Таццяна Нікіпорчык. – Так, да мяне звярнуўся дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк, расказаў, што ў іх ёсць наборы цукерак, папрасіў арганізаваць сумесны рэйд-віншаванне са святам для жыхароў Дзятлава, якія знаходзяцца ў нас на надомным абслугоўванні. Я была рада падтрымаць такую цудоўную ініцыятыву, а заадно пабываць у нашых падапечных, справіцца пра іх здароўе і жыццё. З вопыту ведаю, што, калі ў дом прыходзяць нераўнадушныя людзі, з імі прыходзіць добры настрой і спадзяванне на лепшае.
У час рэйду-віншавання салодкія падарункі атрымалі дзятлаўчане Марыя Мядзведзь, Эдуард і Люцына Куляшы, Алена Бараненка, Людміла Блашынская, Уладзімір Герасімюк.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga