Як пахнуць святы і дзе пякуць духмяныя булачкі?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

На перапынку паміж урокамі хто са школьнікаў не любіць забягаць у буфет па смачныя свежыя булачкі?

Аднак, ці задумваюцца дзеці сярод мітусні вучэбных будняў, хто і як пячэ духмяны хлеб, смачную здобу. Магчыма, такія веды для каго-небудзь стануць той сцяжынкай, якая прывядзе ў будучую прафесію.

Дапамагчы моладзі з жыццёвым выбарам заклікана прафарыентацыйная акцыя ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама “Дзень з прадпрыемствам”.

На гэты раз намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці Ірына Баравік прапанавала прыняць у ёй удзел навучэнцам 10-х класаў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.

Чарговая прафарыентацыйная экскурсія прывяла школьнікаў на хлебазавод Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. На прадпрыемстве яны даведаліся, чым адметна прафесія пекара, пазнаёміліся са спецыялістамі, паназіралі за вытворчым працэсам.

Дзецям было вельмі цікава пабачыць, як і ў якіх аб’ёмах усе неабходныя інгрэдыенты трапляюць у вялікую машыну, якая сама замешвае цеста, паназіраць за момантамі фармоўкі і фасоўкі хлебабулачных вырабаў. Паколькі экскурсія праходзіла напярэдадні Калядаў, дзесяцікласнікі таксама даведаліся, як выпякаецца традыцыйная ў беларусаў посная страва з цеста – ламанцы, якія затым можна знайсці на паліцах магазінаў і набыць для святочнага стала.

Ці варта казаць, якім цікавым, цёплым і незабыўна “духмяным” выдаўся паход школьнікаў на дзятлаўскі хлебазавод, бо ў жыцці, здаецца, мала што можа параўнацца з водарам свежага хлеба, мяккіх булачак і кексаў. Гасцінныя хлебапёкі перад святамі не пакінулі сваіх наведвальнікаў без пачастунка – кожны атрымаў па кавалачку смачнага, яшчэ цёплага каравая.

Хочацца спадзявацца, што экскурсія з водарам свята і свежага хлеба нікога не пакінула раўнадушным, і хто-небудзь з сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак абавязкова калісьці вернецца на прадпрыемства, але ўжо ў якасці майстра-пекара, каб сваёй паўсядзённай працай рабіць будні землякоў смачнымі і “хлебнымі”.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі Ірыны БАРАВІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga