Свята на парог прыходзіць з юбілеем

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Жыхарку вёскі Лудзічы Яўгенію Вашко ў яе 80-ы дзень нараджэння з цёплымі віншаваннямі наведалі арганізатары праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” Ганна Харлінская і Ірына Бакшук, а таксама кіраўнік народнага хору ветэранаў “Ветэраны ў страі” Таццяна Шостка.

З падарункам ад аб’яднання да іх далучыўся старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар.

Як аказалася, Яўгенія Вашко вельмі любіць песні і ведае іх незлічоную колькасць, а таму для імянінніцы госці зладзілі невялікі “канцэрт па заяўках”, не абышлося і без танцаў. Вядома ж, пажадалі юбілярцы заставацца яшчэ на доўгія гады здаровай, жвавай, вясёлай, агорнутай клопатам і ўвагай блізкіх людзей.

– Нібыта вярнулася ў маладосць, – так ацаніла музычны падарунак Яўгенія Іванаўна. – Успомніла, як весела раней было ў родным Вензаўцы, якія там ладзіліся танцы і моладзевыя сустрэчы, колькі было равеснікаў. Узгадала і працоўныя гады, калі нас, калгасных паляводаў, вазілі на работу аўтобусам, а мы спявалі. Я і цяпер з вялікай ахвотай гляджу і слухаю музычныя перадачы, вельмі падабаецца “Прывітанне, Андрэй”, а сярод любімых песенных твораў – “Вёсачка мая” і “Усё пройдзе”.

Увогуле, Яўгенія Іванаўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо гадавалася ў сапраўдным “кветніку” – малодшай чацвёртай дачкой у сям’і Івана Сцяпанавіча і Любові Ільінічны Нечаёў. Нягледзячы на тое, што бацькі былі простымі калгаснікамі, Жэня атрымала завідную на той час адукацыю – скончыла сямігодку і ў мясцовай майстрыхі вывучылася на швачку, пачала сама прымаць заказы. Праўда, рамяство ў хуткім часе перайшло ў карыснае захапленне, бо далейшыя 28 гадоў жанчына адпрацавала на паляводстве ў калгасе.

З будучым мужам Яўгенія пазнаёмілася таксама дзякуючы свайму няўрымсліваму характару. Цётка Шура, якая жыла ў Кашкалах, сказала, што ў вёсцы будзе вяселле, запрасіла на танцы. Там маладая прыгажуня і сустрэла свайго Анатоля Юльянавіча. Хлопец быў старэйшы за яе, на той час Анатолю споўнілася 29 гадоў, затое абранніцу ён змог пакарыць самастойнасцю і адсутнасцю шкодных звычак. Працаваў муж па першым часе зборшчыкам жывіцы, а калі нарадзіліся дзеці – перайшоў у калгас трактарыстам. Жыла маладая сям’я добра, трымалі вялікую гаспадарку, гадавалі двух сыноў.

Расціслаў цяпер працуе ў Дзятлаве вадзіцелем, Мікалай – у Баранавічах на мэблявай фабрыцы. Яўгенію Іванаўну радуюць чацвёра ўнукаў і праўнучак. Юбілярка расказвае, што яна не абдзелена ўвагай родных людзей, якія бываюць у бацькоўскай хаце амаль кожныя выхадныя, а па буднях спраўляцца па гаспадарцы дапамагае сацыяльная работніца Ганна Максімава. Яна і дроваў прынясе, і вады, і добрае слова скажа. Вёска Лудзічы, на жаль, ужо не такая шматнаселеная, як раней, тым не менш, Яўгенія Вашко стараецца не губляць бадзёрасці духу, спраўляецца з хатнім бытам, цікавіцца навінамі па тэлевізары і рада прымаць гасцей, асабліва калі яны спяваюць любімыя хіты.

Вельмі цёпла і шчыра гаспадыня дзякавала артыстам за віншаванні і душэўныя песні, за тыя добрыя ўспаміны, якія выклікаў іх візіт. Яўгенія Іванаўна ўпэўнена, што яе асабісты сакрэт даўгалецця – менавіта ўменне радавацца жыццю, важкая частка якога прайшла ў вёсцы Лудзічы, а таму ўсё тут нагадвае пра былое. Доўгажыхарка вельмі любіць гэтыя мясціны за іх сціплую прыгажосць, перажывае, што цяпер яны пусцеюць. Маладому пакаленню з пазіцыі жыццёвага вопыту яна жадае, калі нарадзіліся ў сельскай мясцовасці, не пакідаць яе, не збягаць у вялікія гарады, а заставацца на роднай зямлі, каб не зарасталі лясныя і палявыя сцяжынкі, каб па-ранейшаму ў вёсках красавалі кветнікі і сады, гучалі песні, а палеткі радавалі багатымі ўраджаямі.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: