Наркотыкі – гэта рэчывы прыроднага ці сінтэтычнага паходжання, якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю ў Рэспубліцы Беларусь і ўключаны ў Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, устаноўлены Пастановай Міністэрства аховы здароўя № 19 ад 11 лютага 2015 года.
Пры ўжыванні наркатычных сродкаў ці псіхатропных рэчываў развіваецца цяжкае захворванне – наркаманія. Пачынаецца яна з выпадковага або прымусовага прыёму наркотыку і пераходзіць у псіхічную і фізічную залежнасць ад яго. За некалькі дзён наркотык здольны падпарадкаваць волю чалавека, за некалькі гадоў – ператварыць яго ў бездапаможную машыну, існаванне якой прысвечана пошуку новай “дозы” і страху перад чарговай ломкай.
Нарказалежныя прыносяць шмат пакут сваім блізкім, бо пастаянна імкнуцца разжыцца на грошы, найчасцей крымінальным шляхам, што напрамую ўплывае на рост злачыннасці. На жаль, да наркотыкаў больш схільныя маладыя людзі, таму наркаманія падрывае здароўе нацыі, вядзе да хуткага старэння грамадства.
У Рэспубліцы Беларусь за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў прадугледжана крымінальная адказнасць з пазбаўленнем волі да 25 гадоў са штрафам або без. Яна надыходзіць з 16-і гадовага ўзросту, а пры ўчыненні дзеянняў, звязаных са збытам наркатычных сродкаў – з 14 гадоў.
Барацьба з наркаманіяй і здароўе падрастаючага пакалення напрамую залежаць ад пільнасці і правасвядомасці грамадзян. Аб усіх вядомых фактах незаконнага абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў просім паведамляць у групу наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі АУС Дзятлаўскага райвыканкама па тэлефоне 2-15-34 або на нумар 102. Ананімнасць гарантуецца.
Валерый БАРОЎСКІ,
старшы оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga