Клопат, які не мае межаў

Важнае Грамадства

Завяршылася рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”.

Аднак апека дзяржавай сваіх юных грамадзян не абмяжоўваецца адным месяцам, гэта з’ява пастаянная. Аб тым, што было зроблена для навучальных установаў Дзятлаўшчыны на працягу мінулага года, расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– У 2022 годзе на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, бягучыя і капітальныя рамонты ўстановаў адукацыі з раённага бюджэту было накіравана каля 470 тысяч рублёў.

У ліку прыярытэтаў стаяла захаванне бяспекі дзяцей у час навучальнага працэсу. З гэтай мэтай у сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава быў устаноўлены турнікет і наладжана прапускная сістэма. Таксама мадэрнізавана сістэма відэаназірання ў дашкольных установах, праведзены работы па мантажы і наладцы сродкаў аховы ў дзіцячым доме сямейнага тыпу.

Істотная частка бюджэтнага фінансавання летась была накіравана на бягучыя рамонты, агульная сума склала 291,6 тысячы рублёў. За гэтыя сродкі зроблены рамонт пажарнай сігналізацыі ўстановаў адукацыі раёна, рамонты даху, замена аконных блокаў у дзіцячых садах № 1 і № 2 горада Дзятлава і Новаяльнянскім дзіцячым садзе, аналагічныя работы праведзены ў Новаяльнянскай і Хвінявіцкай сярэдніх школах, гімназіі № 1. Пільная ўвага была звернута на сістэмы ацяплення ўстановаў адукацыі, каб узімку дзецям было цёпла і ўтульна:  у дзіцячым садзе № 1 зроблена замена цепласеткі, у сацыяльна-педагагічным цэнтры ўстаноўлены тэрмарэгулятар, у шэрагу навучальных установаў заменены цеплалічыльнікі, у дзіцячым доме сямейнага тыпу зроблены бягучы рамонт газавага катла. Да пачатку навучальнага года ва ўсіх установах адукацыі Дзятлаўшчыны прайшлі бягучыя рамонты, у тым ліку – з удзелам бюджэтных сродкаў. Да прыкладу, быў абсталяваны блок для дашкольнікаў у Хвінявіцкай сярэдняй школе, у шэрагу дзіцячых садоў заменена падлогавае пакрыццё і праведзены іншыя рамонтныя работы.

На гэтым у рамонтнай дзейнасці не спыняемся: ужо гатова праектна-каштарысная дакументацыя для рэканструкцыі харчблока і часткі корпуса дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава, сёлета праект будзе рэалізаваны.

Для забеспячэння адукацыйнага працэсу набыта электроніка, бытавая тэхніка і іншыя прадметы на суму 135 тысяч рублёў. У гэтым пераліку – камп’ютарнае абсталяванне для Дварэцкага дзіцячага сада, Гезгалаўскай, Жукоўшчынскай, Круцілавіцкай школ, гімназіі № 1, халадзільнікі – для Круцілавіцкай сярэдняй школы, інтэрактыўная панэль – для Раклевіцкай базавай школы, генеральны занавес з электракарнізам – для актавай залы Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Для карыснага і разнастайнага адпачынку гульнявое надворнае абсталяванне атрымалі дзіцячыя сады ў Дзятлаве, Дварцы, Наваельні, дзіцячы дом сямейнага тыпу, раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, таксама для навучальных установаў быў закуплены спартыўны інвентар.

Частка бюджэтных сродкаў штогод выдзяляецца на абнаўленне вучнёўскай мэблі, летась яе атрымалі сярэднія школы № 1, № 3 горада Дзятлава, дзіцячыя сады ў райцэнтры і аграгарадку Хвінявічы, а таксама іншыя ўстановы адукацыі раёна. Мы разумеем, што ў навучанні дзяцей дробязяў не бывае, асабліва ў пытаннях гігіены. Таму ў ліку выдаткаў на патрэбы адукацыі раёна абавязкова значацца гаспадарчыя, кухонныя прыналежнасці, мыйныя і чысцячыя сродкі, пыласосы, жалюзі, спецвопратка для работнікаў харчблокаў і многія іншыя прадметы забеспячэння.

Наталля АВЯРЧУК
Фота з архіва рэдакцыі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga