Дзятлаўчане акуналіся, каб падмацаваць сілы душэўныя і цялесныя

Важнае Грамадства

У праваслаўным хрысціянскім календары Хрышчэнне Гасподняе адно з важных святаў, праз якое вернікі маюць магчымасць “дакрануцца” да святыні, падмацаваць сілы душэўныя і цялесныя.

Яно вяртае нас у той дзень, калі Ісус Хрыстос прыняў хрышчэнне ў водах ракі Іардан, адсюль і галоўная традыцыя – акунацца ў палонку-купель з аднайменнай назвай.

Сёлетняе Хрышчэнне стала адметным для дзятлаўчан не толькі наведваннем урачыстай службы ў храме, але і бадзёрым акунаннем на гарадскім пляжы райцэнтра. На жаль, 2023 год не парадаваў хрышчэнскім марозцам, таму лёд не стаў, затое плюсавая тэмпература дадала рашучасці тым, хто сабраўся паўдзельнічаць у абрадзе.

Аб тым, што на возеры пройдзе малебен з асвячэннем вады гараджан папярэдзілі загадзя. Чын асвячэння правёў благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель.

Айцец Іаан павіншаваў вернікаў са святам і запрасіў жадаючых да іардані.

 

Безумоўна, поўнасцю пагружацца было неабавязкова, хтосьці проста працёр твар зачэрпнутай у возеры вадой. Дарэчы, святары заўсёды тлумачаць, што ад грахоў гэта не пазбаўляе – яны адпускаюцца толькі праз таінствы споведзі і прычасця, але ўжыванне хрышчэнскай вады з верай і малітвай, акунанне ў яе, дапамагаюць тым, хто імкнецца весці правільнае духоўнае жыццё.

Паназіраўшы, як адважна тройчы пагружаецца ў купель першы храбрэц, ланцужком да яе пацягнуліся і іншыя рашучыя вернікі. Ратаўнікі на чале са старшынёй раённай арганізацыі АСВОД Сяргеем Шпакоўскім пільна сачылі за тым, каб працэс акунання праходзіў максімальна бяспечна і камфортна для жадаючых паўдзельнічаць у абрадзе.

Каб яшчэ больш сагрэць прысутных цяплом і ўвагай, валанцёры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа і яе старшыня Галіна Касцюк арганізавалі на пляжы частаванне гарачым чаем.

Навучэнцы-добраахвотнікі з гімназіі № 1 і сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава разам з каардынатарам раённага валанцёрскага клуба “Мы разам” Ірынай Мішчанка раздавалі ўтульныя коўдры тым, хто акунаўся ў ваду.

Добры настрой, цёплыя ўсмешкі і шчырыя віншаванні са святам, нягледзячы на дробны дождж, нікому не далі замерзнуць у гэты дзень.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga