Клопаты аграрыяў, пытанні здароўя і бяспекі людзей, санітарны стан дарог і тэрыторый, фінансавыя вынікі года – такі быў парадак дня чарговай штотыднёвай нарады ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Дысцыпліна працоўная і фінансавая
Кіраўніцтва і бухгалтары некаторых сельгаспрадпрыемстваў раёна ў час нарады былі падвергнуты крытыцы з боку старшыні райвыканкама. Андрэй Садоўскі назваў недапушчальнай нявыплату ва ўстаноўлены тэрмін плацяжоў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і падаткаў. Такая фінансавая пазіцыя прыводзіць да судовых разбіральніцтваў. Асабліва вызначыліся гаспадаркі “Граніт-Агра” і “Жукоўшчына”. Начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталію Шулейку пастаўлена задача разабрацца і кантраляваць фінансавую дысцыпліну ў сельгаспрадпрыемствах раёна.
Таксама гаварылі на нарадзе пра працоўную дысцыпліну. У прыватнасці пра адсутнасць замацаваных спецыялістаў на прадпрыемствах і ў гаспадарках, якія павінны правяраць работнікаў на алкагольнае ап’яненне перад пачаткам працоўнага дня або змены і рэйдава ў час яго/яе. Найбольш часта ў поле зроку раённых праваахоўнікаў трапляюць п’янымі на працоўным месцы вартавыя і работнікі фермаў, і не толькі ў начны час.
Прынята рашэнне распрацаваць графікі праверак і арганізаваць сумесныя рэйды адказных асобаў на прадпрыемствах за тэставы кантроль на алкагольнае ап’яненне з прадстаўнікамі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама.
– Не дабро робім, калі закрываем вочы на факты п’янства на працоўных месцах, жыццё гэтых людзей, у першую чаргу, ставім пад пагрозу, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.
“Жывапісныя” месцы
Адной з тэмаў абмеркавання сталі так званыя смеццевыя “першацветы”, якія “распусціліся”, як сышоў снег. Праўда, паперкі, бутэлькі, пакеты, акуркі круглы год знойдзеш у дварах шматпавярховак, на дзіцячых пляцоўках, на абочынах дарог. На мінулым тыдні кантролем і выпіскай прадпісанняў за беспарадак актыўна займаліся спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Адказныя службы ў час нарады атрымалі заўвагі ад старшыні райвыканкама.
Пры гэтым, Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што камунальныя і дарожныя службы, канешне, павінны кантраляваць, наводзіць парадак, аднак, на жаль, не турбуюць сябе выкідваннем смецця ў спецыялізаваныя месцы самі дзятлаўчане. Чамусьці лічыцца нармальным выкінуць з акна аўтамабіля пусты пачак з-пад цыгарэт або соку; непрыстойна і тое, што бацькі кажуць дзецям: “кінь паперку, не кладзі ў кішэню”.
Міжволі ўспамінаеш аб прафесары Праабражэнскім з рамана “Сабачае сэрца” і яго трапным выказванні “разруха не ў клазетах, а ў галовах”.
Аддзелу ўнутраных спраў дадзены загад праводзіць рэгулярныя рэйды па месцах адпачынку моладзі, аддзелу адукацыі райвыканкама – кантраляваць падлеткаў па праблеме пагубнай звычкі – курэння (зразумела, што ў пластыкавым доміку на дзіцячай пляцоўцы кідаюць акуркі не дарослыя), інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя – актывізаваць работу з уласнікамі зямельных участкаў.
Усе мы павінны трымаць у чысціні свой горад, пасёлак, аграгарадок, вёску і паважаць працу тых людзей, якія прыбіраюць вуліцы, збіраюць смецце. А сёння атрымліваецца, што на ўборку несанкцыянаваных звалак прыцягваюцца спецыялісты і тэхніка, якія замест гэтага маглі б займацца добраўпарадкаваннем раёна.
Зноў “развялі”
У чарговы раз гаварылі пра кіберзлачыннасць. Няма такога тыдня, калі б не пацярпелі ад тэлефонных злодзеяў жыхары нашага раёна. Чарговая пенсіянерка засталася без больш чым 12 тысяч рублёў. Жанчыну тры дні па тэлефоне махляры ўгаворвалі перавесці грошы з аднаго банка ў другі – і ўгаварылі.
Як патлумачыў начальнік дзятлаўскай міліцыі Аляксандр Біль, нярэдкія выпадкі, калі ашуканцы ўгаворваюць грамадзян аформіць крэдыт. Яны прадстаўляюцца работнікамі службы бяспекі банка або праваахоўнікамі і заяўляюць, што хтосьці падаў заяўку на атрыманне крэдыту, выкарыстоўваючы асабістыя даныя пацярпелых і, каб перашкодзіць аферыстам і вывесці іх на чыстую ваду, грамадзяніну прапануюць узяць такі ж крэдыт, часам у некалькіх банках, і перавесці на паказаны рахунак.
Тактыка злачынцаў мяняецца. Калі раней яны тэлефанавалі з замежных нумароў, то зараз званкі паступаюць з акаўнтаў Viber, аформленых на беларускія нумары: зламыснікі выкрадаюць чужыя ўліковыя запісы.
Калі хтосьці тэлефануе і просіць вас назваць нумар банкаўскай карты, пашпартныя даныя, аформіць крэдыт ці даць доступ да тэлефона, – не рабіце гэтага ні ў якім разе і паведамляйце пра падобныя званкі ў міліцыю.
Кавід – стабільны, ВРВІ – зніжаецца
Як паведаміла галоўны санітарны доктар Алена Шайбак, зараз успышкі на каранавірусную інфекцыю няма, штотыдзень фіксуецца ў сярэднім два выпадкі захворвання. Колькасць дзятлаўчан, якія звяртаюцца па медыцынскую дапамогу ў сувязі з прастуднымі праявамі, зменшылася.
Таксама Алена Вячаславаўна расказала пра хуткае правядзенне трэцяй і чацвёртай бустарных вакцынацый супраць COVID-19. Тэрмін “бустар” паходзіць ад английскага слова booster, ад boost – падымаць, павышаць, узмацняць. У кантэксце вакцынацыі бустар – гэта ўвядзенне чарговай дозы вакцыны, якая акажа стымулюючае дзеянне на імунную сістэму, што павялічыць працягласць поствакцынальнага імунітэту.
Правядзенне дадатковай (бустарнай) вакцынацыі супраць COVID-19 насельніцтва Рэспублікі Беларусь вызначана парадкам, распрацаваным Міністэрствам аховы здароўя і адобрана Рэспубліканскім экспертным саветам па імунізацыі.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga