Адзіны дзень інфармавання. Ад навукова-тэхнічнай да пажарнай бяспекі

Важнае Улада

19 студзеня з удзелам некалькіх інфармацыйна-прапагандысцкіх груп на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

З калектывам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сустрэлася група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Сярод важных тэм абмеркавалі прыярытэты і асноўныя дасягненні беларускай навукі, навукова-тэхналагічную бяспеку. Як сведчыць практыка, беларуская навука здольна вырашаць прарыўныя задачы: краіна прыкметна развіваецца ў нанатэхналогіях, атамнай і аднаўляльнай энергетыцы, аэракасмічнай галіне, штучным інтэлекце, цыфравізацыі і рабатызацыі, біятэхналогіях і фармацэўтыцы, машына- і прыборабудаванні, дакладным земляробстве, стварэнні новых лекаў і методык аховы здароўя. У нашай рэспубліцы працуюць навукоўцы з сусветнымі імёнамі, многія беларускія навуковыя школы вядомыя далёка за межамі. Напрыклад, у галіне транспланталогіі органаў і тканак; квантавых даследаванняў і распрацовак; камп’ютарнага мадэлявання і разліку машын і іх кампанентаў; нейрафізіялагічная.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджаны адзіныя прыярытэты навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці на 2021-2025 гады: лічбавыя інфармацыйна-камунікацыйныя і міждысцыплінарныя тэхналогіі і вытворчасці; біялагічныя, медыцынскія, фармацэўтычныя і хімічныя тэхналогіі; энергетыка, будаўніцтва, экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне; машынабудаванне, прыборабудаванне, інавацыйныя матэрыялы; аграпрамысловыя і харчовыя тэхналогіі; забеспячэнне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы.

Наша краіна па праве можа ганарыцца дасягненнямі ў медыцыне і фармацэўтыцы, аграпрамысловасці, электроніцы, IT і касмічнымі тэхналогіямі, сваёй ваенна-тэхнічнай сферай.

Навуковы патэнцыял Беларусі канцэнтруецца на выкананні інавацыйных праектаў і распрацовак стратэгічнага значэння для ўсіх галін эканомікі. Санкцыйны ціск заходніх краін на нашу рэспубліку ператварае выклікі сучаснасці ў новыя магчымасці для беларусаў. Мы валодаем сур’ёзнымі кропкамі росту, якія будуць вызначаць “твар нашай краіны” ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі.

На парадку Дня інфармавання таксама закранулі тэму паважлівых адносінаў да правоў і годнасці інвалідаў, стварэння ўмоваў для іх камфорту. Нагадалі, што для людзей з абмежаванымі здольнасцямі найчасцей недаступна тое, што для здаровага чалавека з’яўляецца нормай. Кампенсаваць гэта дапамагаюць меры дзяржаўнай падтрымкі, немалую ролю адыгрывае стаўленне грамадства і даступнае асяроддзе. У Беларусі прыкладаюцца значныя намаганні для рэалізацыі правоў людзей з інваліднасцю: ім гарантавана сацыяльная падтрымка дзяржавы ў выглядзе грашовых выплат, пенсій і дапамогаў, прадастаўленне дзяржаўных сацыяльных ільгот і гарантый, аказанне сацыяльных паслугаў, забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі, у 2015 годзе наша краіна падпісала, а праз год ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў. У чэрвені 2022 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”, які скіраваны на паляпшэнне якасці жыцця асаблівых людзей, забеспячэнне належных умоваў для поўнага і раўнапраўнага іх удзелу ў жыцці грамадства.

Наступнае пытанне тычылася супрацьдзеяння злачынствам, звязаным з палавой недатыкальнасцю непаўналетніх. Было адзначана, што работа па прадухіленні сексуальнага гвалту ў дачыненні да дзяцей уключае цэлы комплекс мер: выкарыстоўваюцца спецыяльныя праграмы для адсочвання злачынцаў у Інтэрнэце, праводзяцца грамадскія маніторынгі, да ўзаемадзеяння запрашаюцца ўстановы аховы здароўя і адукацыі для своечасовага рэагавання на змены ў паводзінах дзіцяці, а таксама зацікаўленыя арганізацыі, якія распаўсюджваюць інфармацыю па праблеме. У 2020 годзе ў Беларусі быў запушчаны інфармацыйны рэсурс kids.pomogut.by для анлайн-кансультацый і атрымання інфармацыі па бяспечных паводзінах дзяцей у Інтэрнэце і аказання кваліфікаванай дапамогі ім, бацькам, педагогам. З 10 лістапада па 5 снежня 2022 года суб’ектамі прафілактыкі праводзіліся мерапрыемствы ў рамках распараджэння МУС “Аб дадатковых мерах па супрацьдзеянні злачынствам супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды непаўналетніх, абароту дзіцячай парнаграфіі”. Падобныя комплексы мерапрыемстваў запланаваны і на 2023 год.

Напрыканцы ўдзельнікам Дня інфармавання ў чарговы раз нагадалі правілы паводзінаў на вадаёмах, супрацьпажарнай бяспекі, не абышлі ўвагай пытанне правільнага выкарыстання пячнога і ацяпляльнага абсталявання, заклікалі паклапаціцца аб устаноўцы пажарных апавяшчальнікаў, калі дома яшчэ няма гэтых “маленькіх абаронцаў”.

 

Ірына СТЫРНІК

Фота Ірыны СТЫРНІК, Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga