29 снежня 50-гадовы юбілей заснавання адзначае Дзятлаўскае раённае ўнітарнае прадпрыемства “Селекцыйна-племянны цэнтр жывёлагадоўлі”.
Напярэдадні “круглай даты” аб рабоце арганізацыі расказаў яе кіраўнік Сяргей Курман.
– Поспехі ў жывёлагадоўлі, а значыць, і эканамічныя складальнікі, напрамую залежаць ад якасных характарыстык жывёлы. Наша станцыя спецыялізуецца на селекцыі і генетыцы ў жывёлагадоўлі, прадастаўляе ў гэтым кірунку паслугі і тавары сельскагаспадарчым прадпрыемствам раёна. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў выкарыстоўваецца 100 % штучнае асемяненне, якое ў гаспадарках ажыццяўляюць нашы спецыялісты. Варта ведаць, што на Дзятлаўшчыне вырошчваецца папулярная ў многіх краінах свету гальшцінская малочная парода кароў, якая адрозніваецца высокімі надоямі і значнай вагой, што важна пры вытворчасці ялавічыны. Генетычны патэнцыял цяперашняй буйной рагатай жывёлы гаспадарак раёна вялікі, тым не менш, каб атрымліваць высокія надоі, неабходна ўлічваць яшчэ і такія складальнікі, як кармленне і ўтрыманне.
Сёння, каб палепшыць малочную прадукцыйнасць БРЖ намі вядзецца адбор першацёлак па іх прыдатнасці да машыннага даення. Для гэтага ў штаце цэнтра працуюць тры ветэрынары-гінеколагі, адзін з якіх вядучы. Пасля ацёлу кожная жывёліна праходзіць праз рукі нашых спецыялістаў, для чаго летась быў набыты ўльтрагукавы сканер для ранняй дыягностыкі сцельнасці і правільнага выяўлення хваробаў. Ёсць у нас і заатэхнік-селекцыянер, які вядзе ўсю электронную базу па племянным уліку ў гаспадарках раёна. Прасцей кажучы, спецыяліст выкарыстоўвае камп’ютарную праграму, якая дазваляе весці электронныя карткі ўліку на кожную карову, а гэта каля 17 тысяч галоў, што спрыяе не толькі паляпшэнню якасных характарыстык статка, але і недапушчэнню імбрыдзінгу. Паказчыкі работы нашага племяннога цэнтра з кожным годам растуць: сёлета ўдалося атрымаць па прыплодзе на ўмоўныя 100 кароў 71 цяля (+2 да мінулагодняга выніку); па прыплодзе на 100 матак – 94 цяляці (+ 5).
Нашы работнікі ніколі не забываюць, што якасная аднаўляльнасць статка – гэта гарант росту пагалоўя жывёлы, у сваю чаргу поспехі жывёлагадоўлі спрыяюць актыўнай рабоце мяса-малочнай галіны прамысловасці, што стымулюе нарошчванне экспарту і гарантуе прыбытковасці эканомікі Беларусі ў цэлым.
– Поспех ствараюць людзі. Ці вялікі ў вас калектыў?
– У штаце разам з кіраўніком усяго 10 чалавек: галоўны бухгалтар, вядучы заатэхнік-селекцыянер, тры ветэрынары-гінеколагі, столькі ж вадзіцеляў і прыбіральшчыца. Затое наш калектыў надзейны і зладжаны, плённа спраўляецца з пастаўленымі задачамі і па выніках эканамічнай дзейнасці сярод 17 структурных падраздзяленняў вобласці займае дастойную 7 пазіцыю, сёлета мы таксама спрацавалі бясстратна. Варта адзначыць і нашых спецыялістаў з больш чым 20-гадовым стажам: гэта вядучы доктар-гінеколаг Аляксей Ціхан і вядучы заатэхнік-селекцыянер Алена Кіслая.
– Сяргей Іванавіч, а як вы трапілі ў сельскую прафесію?
– Нарадзіўся на Дзятлаўшчыне. У 1987 годзе скончыў Ваўкавыскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці “заатэхнік па аднаўленні статка і штучным асемяненні сельскагаспадарчай жывёлы”, падмацаваў яе вышэйшай адукацыяй, якую атрымаў у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Наступныя 15 гадоў адпрацаваў на розных пасадах КСУП “Войневічы”, затым уладкаваўся галоўным заатэхнікам СВК імя Кутузава, што на Навагрудчыне, быў старшынёй гэтай гаспадаркі, а таксама СВК “Уселюб”, працаваў заатэхнікам свінакомплекса ААТ “Прынёманскі”, з ліпеня 2021 года ўзначальваю Дзятлаўскае РУП “Селікцыйна-племянны цэнтр жывёлагадоўлі”.
– Вашы пажаданні калектыву да 50-гадовага юбілею арганізацыі.
– Моцнага здароўя, шчасця, поспехаў, удачы, стабільнага росту, асабістых вытворчых дасягненняў і павелічэння фінансавага дабрабыту нашай арганізацыі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga