У адпаведнасці з распараджэннем кіраўніка дзяржавы з 13 снежня падвяргаецца праверцы шэраг злучэнняў воінскіх часцей Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Раней Мінабароны паведамляла, што мерапрыемствы носяць комплексны характар. Войскам трэба ў самыя кароткія тэрміны адправіцца ў прызначаныя раёны, ажыццявіць іх інжынернае забеспячэнне, арганізаваць ахову і абарону, а таксама навесці маставыя пераправы праз рэкі Нёман і Бярэзіну.
У гэты перыяд праходзіць перамяшчэнне ваеннай тэхнікі і асабовага саставу. Сёння ваенная тэхніка “прайшла” праз тэрыторыю Дзятлаўскага раёна.
Як адзначыў у інтэрв’ю рэспубліканскім СМІ дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч, для кіраўніцтва Узброеных Сіл праверка праводзіцца раптоўна.
У першую чаргу праверцы падвяргаюцца воінскія часці, якія ўваходзяць у камплект сіл неадкладнага рэагавання, яны перш за ўсё будуць вырашаць задачы ў адпаведнасці з прызначэннем у выпадку абвастрэння абстаноўкі як на граніцах Беларусі, так і ўнутры краіны. У ходзе праверкі адпрацоўваецца шырокі спектр задач: здзяйсненне маршу на вялікія адлегласці і незнаёмыя ўчасткі мясцовасці, дзе будуць выконвацца задачы па ўзяцці пад ахову розных аб’ектаў, заняцці агнявых рубяжоў, выкананні агнявых і тактычных задач.
Вынікі праведзеных мерапрыемстваў будуць даложаны кіраўніку дзяржавы, таксама будзе зроблены глыбокі аналіз.
Ірына КАМАРОВА
Фота і відэа Вольгі ЮШКЕВІЧ, Наталлі АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga