Што трэба ведаць пра завяшчанне?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Згодна з артыкулам 1040 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь “завяшчаннем прызнаецца волевыяўленне грамадзяніна па распараджэнні маёмасцю, якая яму належыць, на выпадак смерці”.

Заканадаўствам замацавана свабода завяшчання. Так, згодна з артыкулам 1041 ГК РБ завяшчальнік можа пазбавіць спадчыны аднаго, некалькіх або ўсіх спадчыннікаў па законе. Таксама ён мае права абумовіць атрыманне спадчыны пэўнай умовай адносна да характару паводзінаў спадчынніка, у любы момант адмяніць і змяніць складзенае завяшчанне і не абавязаны пры гэтым пазначаць ці паведамляць каму-небудзь аб прычынах адмены ці змянення.

Свабода завяшчання абмяжоўваецца толькі правіламі аб абавязковай долі ў спадчыне, аб недапушчэнні ўскладання на спадчыннікаў па завяшчанні абавязкаў у сваю чаргу пэўным чынам распарадзіцца завешчанай ім маёмасцю на выпадак смерці, уключэннем супрацьпраўных ці немагчымых для выканання спадчыннікаў умоваў.

Паколькі завяшчанне – гэта асабістае распараджэнне грамадзяніна, зробленае ва ўстаноўленай законам форме, яго нельга ажыццяўляць праз прадстаўніка.

Завяшчальнік можа канкрэтызаваць маёмасць, якая павінна перайсці да кожнага са спадчыннікаў (напрыклад, жонцы – машына, сыну – дом), але можа абмежавацца і агульным указаннем аб тым, што ўся маёмасць завешчана пералічаным спадчыннікам. Калі доля спадчынніка не вызначана ў завяшчанні або не пазначаны канкрэтныя рэчы, завешчаныя кожнаму, то яны наследуюць маёмасць у роўных долях.

Завяшчальнік таксама мае права зрабіць завяшчанне і на тую маёмасць, якую разлічвае набыць у далейшым, у сувязі з чым пры засведчанні завяшчання не правяраецца прыналежнасць завешчанай маёмасці грамадзяніну.

Завяшчанне павінна адпавядаць усім устаноўленым патрабаванням, толькі пры гэтай умове яно здольна змяніць парадак наследавання па законе.

Завяшчанне з’яўляецца аднабаковай здзелкай. У ім можа быць выражана воля аднаго чалавека, гэта значыць, яно не складаецца ад дзвюх і больш асобаў, гэта мае дачыненне і да тых выпадкаў, калі завяшчальнікі муж і жонка. Таму парадак складання завяшчання, яго рэчаіснасць не залежаць ні ад згоды спадчыннікаў з яго зместам, ні ад таго, ці вядома ім пра яго. Аднабаковы парадак завяшчання дазваляе завяшчальніку ў далейшым пры неабходнасці змяніць свае распараджэнні.

Згодна з артыкулам 1044 ГК РБ завяшчанне павінна быць складзена ў пісьмовай форме з пазначэннем месца і даты яго складання, уласнаручна падпісана завяшчальнікам і засведчана натарыусам. Дапускаецца яго засведчанне і іншымі асобамі, напрыклад, адказнымі супрацоўнікамі консульскіх установаў РБ, служачым банка, калі грамадзяніну неабходна засведчыць завяшчанне ў адносінах да грашовых сродкаў на банкаўскім рахунку. Незахаванне правілаў аб форме і засведчанні завяшчання вядзе да яго несапраўднасці.

Завяшчанне можа быць напісана завяшчальнікам уласнаручна, яно складаецца ў двух экзэмплярах. Законам прадугледжана і найбольш распаўсюджана ў практыцы натарыяльнай канторы засведчанне завяшчання ў прысутнасці сведкі, гэта значыць, яно складаецца натарыусам са словаў завяшчальніка. Варта адзначыць, што сведкай можа быць не кожны: ім не можа быць натарыус ці іншая асоба, якая сведчыць завяшчанне; асоба, на карысць якой складзена завяшчанне або зроблена завяшчальная адмова; муж (жонка) такой асобы, іх дзеці, бацькі, унукі, праўнукі, спадчыннікі па завяшчанні ці законе; грамадзяне, якія не валодаюць поўнай дзеяздольнасцю, непісьменныя, асобы з судзімасцю за лжывыя паказанні; грамадзяне з фізічнымі недахопамі, якія не дазваляюць ім у поўнай меры ўсведамляць падзеі; асобы, якія ў дастатковай ступені не валодаюць мовай, за выключэннем выпадкаў, калі натарыусам прымаецца закрытае завяшчанне.

Завяшчанне павінна быць уласнаручна падпісана завяшчальнікам. Калі ён з-за фізічных недахопаў, хваробы, непісьменнасці не можа гэта зрабіць, па яго просьбе яно можа быць падпісана ў прысутнасці натарыуса ці іншай асобы, якая паводле закона сведчыць завяшчанне, іншым грамадзянінам з пазначэннем прычын, у сілу якіх завяшчальнік не мог падпісаць дакумент.

Нярэдкія выпадкі, калі завяшчальнік не хоча, каб хто-небудзь ведаў аб засведчанні завяшчання. Артыкул 1050 ГК РБ абавязвае натарыуса, іншую асобу, якая сведчыць завяшчанне, сведкаў і грамадзян, якія падпісваюць яго замест завяшчальніка, захоўваць тайну звестак аб змесце, складанні, адмене ці змяненні завяшчання да адкрыцця спадчыны.

Новым у ГК РБ 1999 года стала такое паняцце, як “закрытае завяшчанне”. Сутнасць такой формы ў тым, што завяшчальнік не інфармуе нікога аб змесце завяшчання, уручаючы натарыусу канверт з завяшчаннем у запячатаным выглядзе. Закрытае завяшчанне павінна быць напісана ўласнаручна завяшчальнікам і можа быць засведчана толькі натарыусам. Парадак яго складання і падпісання рэгламентаваны артыкулам 1046 ГК РБ.

Любоў АЎСІЕВІЧ,
натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga